Выглядае на тое, што Брусэль усё ж наважыўся адабраць у Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі. На сённяшнім пасяджэньні экспэртаў прынятае рашэньне не на карысьць Менску.

Са слоў прадстаўніка прэсавай службы Эўразьвязу вынікае: астатняе — справа тэхнікі. Прычым давесьці справу да лягічнага канца заклікае асабіста камісар ЭЗ у пытаньнях гандлю Пітэр Мандэльсон.

Але ці не выглядае гэты крок трохі, так бы мовіць, нясвоечасовым?

Афіцыйны Менск, камэнтуючы 12 пунктаў ЭЗ, і так пасьпеў ужо закінуць Эўропе двурушніцтва. Маўляў, на вуснах — мёд, а тым часам робіць сінявокай краіне розныя паскудзтвы.

Цяпер прапаганда атрымае новы аргумэнт на тэму, якая вераломная гэта Эўропа...

Між тым яна проста дзейнічае паводле выслоўя Пуціна: мухі асобна, катлеты асобна мусяць быць.

"У Эўразьвязу свая лёгіка, свой альгарытм прыманьня рашэньняў, — зазначыў у гутарцы са мной палітоляг Алесь Лагвінец. — У межах новай стратэгіі падкрэсьлена, што Эўропа чакае пазытыўных крокаў зь беларускага боку. І мяч цяпер на палове афіцыйнага Менску".

Звыш таго, на думку Лагвінца, у вачох Брусэлю верагоднасьць беларускіх уладаў як перамоўнікаў невысокая.

І сапраўды, уявеце: вось сёньня, прыкладам, спынілі б заходнікі працэс пазбаўленьня прэфэрэнцыяў — а назаўтра атрымалі анучай па твары. І пачуваліся б поўнымі дурнямі.

Гэта лягічна, сказаў мне, са свайго боку, палітоляг Андрэй Фёдараў, калі палітыка — у дадзеным выпадку палітыка ЭЗ — спалучае пугу і пернік. Калі на тое пайшло, дык Брусэль крытыкавалі менавіта з-за адсутнасьці добрай пугі.

Іншая рэч, што скасаваньне прэфэрэнцыяў яшчэ не выглядае фатальна перадвырашаным, дадаў Фёдараў.

Сапраўды, Эўразьвяз ужо дэманстраваў нерашучасьць і непасьлядоўнасьць у гэтым (і ня толькі ў гэтым) пытаньні.

Тым часам сэнатар Чаргінец празрыста намякнуў, што ў выпадку страты гандлёвых льготаў Беларусь можа аслабіць кантроль на заходняй мяжы. Чытай: навадніць Стары Сьвет нелегаламі.

Раней такія намёкі гучалі і на вышэйшым узроўні.

Але як ты прыадчыніш тую мяжу? "Свае ж паўцякаюць!" — пажартаваў адзін мой суразмоўца.

Карацей, заява выглядае на голы піяр і наўрад ці так ужо напалохае Брусэль.

А вось "дэмарш Мандэльсона" можа і падштурхнуць афіцыйны Менск трохі болей уважліва паставіцца да 12 пунктаў Эўразьвязу. Калі ня ўсіх, то хоць некаторых.

Зрэшты, можа стацца і наадварот. Распачнецца яшчэ болей зацятая прапагандовая рыторыка. Непазьбежныя ў любым выпадку эканамічныя цяжкасьці сьпішуць на Мілера з Мандэльсонам ды на Лябедзьку зь Ярашуком. То бок на "Газпром", Брусэль, апазыцыю... Асобным радком пройдуць незалежныя прафсаюзы, якія, маўляў, і наклікалі санкцыі сваімі вечнымі скаргамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?