Беларускія ўлады не згадзіліся на працяг візаў сямі ксяндзам і пяці сёстрам-законьніцам, што працавалі ў Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі. Да канца сьнежня ўсе гэтыя духоўныя, якія зьяўляюца грамадзянамі Польшчы, павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі. Улады тлумачаць рашэньне патрэбай уладкаваць на вызваленыя месцы маладых сьвятароў і сясьцёр – беларускіх грамадзянаў. Прадстаўнікі Гарадзенскай дыяцэзіі гавораць, што касьцёл кіруецца ўласным правам, і толькі біскуп, а ня сьвецкія ўлады вырашаюць, якога сьвятара й на якую пасаду прызначыць.

Пра тое, што сямі ксяндзам і пяці сёстрам з Польшчы, што працуюць на Гарадзеншчыне, адмовіліся працягнуць візы, стала вядома яшчэ 20 верасьня. Гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч спрабаваў дамагчыся адмены гэтага рашэньня, але марна. Апавядае вікарый гарадзенскага катэдральнага Фарнага касьцёлу ксёндз Андрэй Зноска:

(кс.Зноска:) «Былі тры звароты ксяндза-біскупа да ўладаў. Спачатку да гарадзенскіх уладаў, пасьля два лісты ў Менск, у Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. І днямі, заўчора альбо ўчора, прыйшоў наступны катэгарычны адказ: «Усе сем ксяндзоў і пяць сёстраў павінны выехаць у той час, калі ў іх будуць заканчвацца візы. Гэта прыкладна да канца сьнежня павінны выехаць. Катэгарычны адказ».

(Карэспандэнт:) «А чым матывуюць улады?»

(кс.Зноска:) «Матывацыя трохі бязгуздая. Тым, што нібыта павінны стварыць месца для маладых ксяндзоў. Павінны больш прымаць на працу мясцовых. Толькі забываюцца пра тое, што касьцёл кіруецца сваім уласным правам sui juris. Ён аддзелены ад дзяржавы, і біскуп вырашае, як працаўладкоўваць сваіх ксяндзоў. Усе свае – і тыя, што прыехалі з Польшчы, і мясцовыя. У нас такога падзелу няма і быць ня можа».

Супрацоўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Калінаў адмовіўся камэнтаваць прынятае рашэньне. Сёньня біскуп Аляксандар Кашкевіч выехаў у Менск абмеркаваць сытуацыю касьцёлу на Гарадзеншчыне (высылка сьвятароў і сёстраў, галадоўка вернікаў) з нунцыем Ватыкану ў Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам. Кіраўніцтва Гарадзенскай дыяцэзіі зьбіраецца выступіць з адкрытым зваротам да беларускіх уладаў. Ксёндз Андрэй Зноска лічыць, што ў абвастрэньні дачыненьняў з касьцёлам вінаватая мясцовая ўлада.

(кс. Зноска:) «Праблема не ў законе. Праблема не ў канстытуцыйнай свабодзе – яна ёсьць. Толькі нам тут на месцы, у Горадні, яе не даюць. А чаму гэта здарылася менавіта ў гэтым сьнежні? Відаць, настаў такі момант, як напісана ў Эвангельлі, надышла паўната часу. Мера перапоўнілася, павінен настаць канфлікт».

Цяпер у Гарадзенскай дыяцэзіі працуюць 180 сьвятараў. Дзьве траціны – грамадзяне Беларусі, рэшта – грамадзяне Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?