За апошнія тры месяцы я прачытала больш беларускіх тэкстаў і напісала больш беларускіх пасланняў у інтэрнэце, чым за апошнія пяць гадоў.
Гэта першы вынік той страшэннай Плошчы 19 снежня. Вынік выключна мой, асабісты: 19 снежня толькі беларускамоўныя рэсурсы здолелі працаваць і аператыўна інфармаваць.
За гэтыя тры месяцы мае дзеці гаварылі пра палітыку больш, чым за ўсе гады свайго жыцця. Дзецям на дваіх няма і дзесяці гадоў.
Яны ведаюць, хто такі Лукашэнка, але ж ім цяжка растлумачыць, чаму Някляеў у няволі. Гэта другі вынік той страшэннай Плошчы. Вынік, якога я насамрэч не хачу, бо не хачу, каб дзеці ў такім раннім узросце ведалі пра палітыку. Але ж яны бачылі, як я плачу першыя дні пасля Плошчы. І я павінная была ім расказаць, чаму смуткую.

Я не верыла ў Плошчу. Мой натхнёны знаёмы верыў. Але ж усе атрымалі зусім нечаканы сцэнарый. У маім разуменні, гэтая Плошча мусіла скончыцца, як і мінулая, — ваяры памахалі б сцягамі і разышліся па дамах. І так бы яно і было, калі б нехта не пачаў АСАБІСТА кіраваць Плошчай. І гэта разбіла нашу краіну на два супрацьлеглыя лагеры. Частка крычыць: так ім і трэба, а частка, нават такая памяркоўная, як я, пачала чытаць апазіцыйныя сайты. Таму размовы пра палітыку за святочным сталом лепш забараніць. Каб не сапсаваць вячэру.

Я ніколі не хадзіла на Плошчу. Не, не баялася. Не хадзіла, бо не верыла. Але цяпер разумею, што Плошча ў маім сэрцы ўжо жыве.

І сёння я стамілася баяцца. Мяне, як і многіх, у любы момант могуць арыштаваць за надта сумны ці вясёлы твар. Дык навошта баяцца, калі ад цябе нічога не залежыць? І за гэта я хачу падзякаваць адзінаму чалавеку, адказнаму за Плошчу. Дзякую вам, Аляксандр Рыгоравіч. Вы згасілі маю баязлівую памяркоўнасць.
Я ператварылася ў змагара.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?