У 2011 годзе ў планах кампаніі Heineken вырасціць каля 15 тыс. тон ячменю ў Гомельскай вобласці, што ў 2,5 разу больш, чым летась. Дадаткова прапрацоўваецца пытанне аб вырошчванні ячменю ў Магілёўскай вобласці.
Пра гэта БелаПАН паведаміла менеджэр па карпаратыўных адносінах кампаніі Heineken у Беларусі Дар’я Лыскавец.

З 2008 года Heineken у Беларусі рэалізуе ўнікальны інвестыцыйны праект па вырошчванні высакаякаснага піваварнага ячменю. Лыскавец зазначыла, што ў 2010 годзе надвор’е негатыўна паўплывала на ўраджай. Кампанія Heineken у Беларусі вымушана была пайсці на зніжэнне планаваных аб’ёмаў закупкі і рэзерву сыравіны. «Дзякуючы штодзённай працы над скарачэннем стратаў і рэканструкцыі ўласнай саладоўні ў Рэчыцы, кампанія Heineken у Беларусі нават у такіх цяжкіх умовах змагла поўнасцю забяспечыць сябе сыравінай і стварыць невялікі пераходны астатак ячменю. Гэтыя меры дазваляюць кампаніі працягваць працаваць, выкарыстоўваючы толькі ўласную сыравіну», — паведаміла Лыскавец.

У 2011 годзе для пасеву будзе выкарыстоўвацца насенне элітных гатункаў піваварнага ячменю — «філадэльфія» і «себасцьян», якія былі атрыманы з насення, прадастаўленых Heineken у Беларусі гаспадаркам для праходжання двухгадовага этапу рэпрадукцыі ў Беларусі. Гэта стандартная еўрапейская практыка, якая садзейнічае адаптацыі ячменю да мясцовых умоў і дазваляе фарміраваць аптымальны кошт піваварнага ячменю. Яшчэ адзін важны кірунак працы ў межах праекта — гэта выпрабаванне і сертыфікацыя ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі новых гатункаў насення — «марні», «кангу» і «страйф». У 2012 годзе працэс сертыфікацыі будзе завершаны: гатункі будуць унесены ў дзяржаўны рэестр з поўным дазволам іх выкарыстання ў Беларусі. Ужо сёння кампанія завозіць невялікія партыі гэтых гатункаў насення для пачатку рэпрадукцыі. Праз тры гады з іх плануецца атрымаць ураджай высакаякаснага піваварнага ячменю. У 2011 годзе пачнецца рэпрадукцыя новага высокаўраджайнага гатунку «таргал».

У 2011 годзе для развіцця праекта па вырошчванні высакаякаснага піваварнага ячменю Heineken у Беларусі будзе супрацоўнічаць з 49 гаспадаркамі Гомельскай вобласці (у 2010 годзе — з 20 гаспадаркамі). Штодзённы кантакт з гаспадаркамі, размеркаванне насення і праверку глебы ажыццяўляе вопытны аграном кампаніі Heineken у Беларусі. Дадатковая падтрымка і паквартальнае абследаванне зямель знаходзіцца ў зоне адказнасці бельгійскага агракансультанта, які працуе над праектамі па вырошчванні піваварнага ячменю ў адзінаццаці краінах свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?