У нядзелю ва ўсіх касьцёлах Гарадзеншчыны быў зачытаны афіцыйны ліст да духавенства і вернікаў старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандра Кашкевіча.
Пасланьне было напісанае з нагоды высылкі зь Беларусі сямі ксяндзоў і пяці манашак, грамадзянаў Польшчы. Улады не зьмянілі свайго рашэньня аб гэтым, нягледзячы на хадайніцтвы Касьцёлу, падмацаваныя тысячамі подпісаў вернікаў. Гэтае рашэньне б'е па Гарадзенскай дыяцэзіі, дзе з 168 сьвятароў кожны трэці — грамадзянін Польшчы.
Ліст А.Кашкевіча даволі канкрэтны і, як на беларускія рэаліі, сьмелы. Па сваім стылі ён трохі нагадвае пасланьні польскага кардынала Вышынскага, які ў сацыялістычнай Польшчы адстойваў незалежнасьць Касьцёлу ад дзяржавы. Ні разу за Лукашэнкі касьцёл не выступаў з такой рашучай крытыкай уладаў.
Бп.Кашкевіч як кіраўнік Канфэрэнцыі біскупаў зьвяртаў да ўладаў просьбу перамяніць рашэньне аб высылцы, аднак не атрымаў адказу з Адміністрацыі прэзыдэнта, гаворыцца ў лісьце.
Кашкевіч заявіў: “Улада ў касьцёле ... належыць біскупу. Заканадаўства краіны таксама пакідае дыяцэзіяльнаму біскупу свабоду выбару пры запрашэньні на працу грамадзянаў іншых краінаў. Таму ўмяшаньне звонку ў правамоцную дзейнасьць дыяцэзіяльнага біскупа ёсьць парушэньнем закону і парушэньнем свабоды касьцёлу”.
Старшыня канфэрэнцыі біскупаў выказаў свой пратэст і заклікаў духавенства і каталікоў маліцца за высыланых ксяндзоў.
Нагадаем, што на мінулыя выходныя біскуп Кашкевіч падтрымаў каталікоў-галадоўнікаў у Горадні, якія дзесяць гадоў не маглі дамагчыся дазволу на будаўніцтва касьцёлу. Бп.Кашкевіч паходзіць зь Віленшчыны і лічыцца лідэрам польскамоўнае плыні ў беларускім Касьцёле.
З крытыкай уладаў выступіў і орган гарадзенскай курыі, газэта "Слова жыцьця".
❏
Глядзі яшчэ: "Існуючая сытуацыя прадыктавала"





