12 сьнежня ў Страсбуры прайшла урачыстая цырымоныя ўручэньня прэстыжнай узнагароды Эўрапарлямэнту – прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». У другі раз за гісторыю існаваньня прэміі яна накіроўваецца ў Беларусь. У 2004 г. яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, заўтра ёй уганаруюць лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Прадстаўляючы Аляксандра Мілінкевіча ў часе цырымоніі, яго назвалі "лідэрам дэмакратычных сілаў, які змагаецца з апошняй дыктатурай Эўропы".

Сайт палітыка прыводзіць урыўкі зь ягонае прамовы: "Гэта прэмія і Аляксандра Казуліна, таксама як і Змітра Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітзняволеных у маёй краіне. Гэта прэмія – знак неабыякавасці Еўропы да сітуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сімвал прызнання еўрапейскай будучыні Беларусі. Калі свабоду трэба заслужыць – мы яе заслужылі. Усёй сваёй гісторыяй і ахвярамі, прынесенымі дзеля яе, - сказаў, звяртаючыся да дэпутатаў Еўрапарламента Аляксандр Мілінкевіч.

У сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч вярнуўся да падзеяў сакавіка бягучага года ў Мінску:

- Рэжым завёў Беларусь у гістарычны тупік. І нашыя акцыі на плошчы былі адчайнай спробай вывесці Беларусь з гэтага тупіка. Мы выйшлі не за кавалкам хлеба, а за маральныя каштоўнасці – свабоду і праўду. Калі б вы змаглі быць з намі, вы б адчулі захапленне і натхненне, пачуцце свабоды і адсутнасць страху. Таксама як боль і адчай, пасля таго, як плошча позняй ноччу стала пустой. Змерзлых і стомленых маладых людзей тады проста закінулі ў грузавікі і адвезлі ў турму, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што не бачыць для дэмакратычных сілаў у Беларусі іншага шляху, як працягваць змаганне за дэмакратыю і свабоду ў краіне:

- Наш народ прайшоў праз гвалтоўную дэнацыяналізацыю, ампутацыю гістарычнай памяці. У 1991 годзе мы цешыліся, стаўшы ўрэшце незалежнымі. І не адразу зразумелі, што незалежнасць і свабода – не адно і тое ж. Сёння мы ізноў змагаемся за свабоду і адстойваем незалежнасць. Робім гэта не толькі дзеля сябе – у першую чаргу дзеля нашых дзяцей, якія, як і французскія, літоўскія, польскія, брытанскія дзеці, маюць права жыць у свабоднай краіне. У нашых дзяцей сёння няма выбару. Па праўдзе, ёсць. Надта просты: здацца рэжыму і адмовіцца ад уласнай асобы дзеля адноснага дабрабыту, альбо – свядома абраць змаганне за свабоду і ахвяраваць гэты дабрабытам. Гэта нашы дзеці стаялі па начах на плошчы, калі дарослыя, не вытрымлівалі холаду і зыходзілі дадому. Гэта нашых дзяцей кідалі ў грузавікі, дзе не было чым дыхаць і звозілі ў розныя турмы, дзе бацькі суткамі не маглі іх знайсці. Гэта нашыя дзеці адседзелі ў турмах і былі выключаныя з універсітэтаў за сваю свядомую пазіцыю. Але яны ні на секунду не засумняваліся ў слушнасці нашага агульнага выбару. Я ганаруся імі. У нас няма іншага шляху, акрамя змагання і перамогі – мы павінны перамагчы дзеля нашых дзяцей.

Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу еўрадэпутатаў на ўсё яшчэ актуальную небяспеку правядзення ў Беларусі “аб’яднаўчага рэферэндуму” і заклікаў Еўропу “асцерагчы Расію ад такога мерапрыемства”:

- Мы бачым чарговае пацвержданне не вельмі вясёлай прымаўкі, што дармовы газ бывае толькі ў газавай камеры. Сярод галоўных умоваў рахунку, выстаўленага Масквой Лукашэнку, за доўгую палітычную і эканамічную падтрымку – пераход на адзіную (а фактычна расійскую) валюту і прыняцце канстытуцыйнага акту, так званай, “саюзнай дзяржавы” у расійскай рэдакцыі... Такому варыянту развіцця падзей пакуль што супраціўляюцца і беларускія палітычныя вярхі. Яны выдатна ўсведамляюць, што з стратай незалежнасці і прыходам да нас расійскага капіталу, мала хто з іх захавае і свае пасады, і свае матэрыяльныя здабыткі. І ўсё ж нельга выключыць, што, кіруючыся інстынктам самазахавання, улада пойдзе на вышэйзгаданыя ўмовы, для апраўдання чаго будзе праведзены адпаведны рэферэндум. Гарантыяй незалежнасці Беларусі можа быць толькі дэмакратыя, але ніяк не дыктатура, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Кажучы пра перспектывы беларуска-расійскіх дачыненняў, Аляксандр Мілінкевіч адзначыў:

- З таго, што з Масквой супольнай мовы знайсці пакуль не ўдалося, зусім не вынікае, што беларускія дэмакратычныя сілы выступаюць супраць Расіі. Мы жадаем жыць у суверэннай дзяржаве, але будаваць з Расіяй самыя лепшыя адносіны. Мы гатовыя ўлічваць яе інтарэсы, калі яны не будуць супярэчыць нашым. Расія для нас, як і для Еўрасаюза, заўсёды будзе стратэгічным партнёрам, а дэмакратычная Беларусь для Расіі надзейным і прадказальным сябром... Спадзяемся, што рэалізм у Расіі калісьці ўсё ж возьме верх.

У выступе Аляксандр Мілінкевіч даў ацэнку санкцыям Еўрасаюза ў дачыненні да чыноўнікаў, уцягнутым у рэпрэсіі супраць беларускага народу:

- Я лічу, што забарона на ўезд у краіны Еўразвязу асоб, што парушаюць Канстытуцыю і маюць дачыненне да рэпрэсіяў, з’яўляецца вельмі эфектыўнай мерай, - сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл. - Спіс такіх “змагароў супраць дэмакратыі” павінен пашырыцца.

Адначасова, Аляксандр Мілінкевіч заклікаў Еўрасаюз не падвышаць для грамадзян Беларусі кошту на шэнгенскія візы.

- Мяркуецца, што з пачатку новага году кошты візы дасягнуць 60 еўра. Для падаўляльнай большасці беларусаў, якім надзвычай патрэбныя свабодныя кантакты з Захадам, гэта будзе недаступна. Гэтым самым будзе пабудавана новая “жалезная заслона”. Падобныя ўмовы на карысць толькі Лукашэнку, які ўвесь час палохае беларусаў тым, што “на Захадзе нас ніхто не чакае”, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Кажучы, пра прапановы, якія зрабіла афіцыйнаму Мінску ў мінулы месяцы Еўракамісія, Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што гэта “выдатная магчымасць выйсці з міжнароднай самаізаляцыі і незайздроснага эканамічнага становішча, у якім апынуўся афіцыйны Мінск”.

- У выпадку ўвасаблення прапанаванай стратэгіі, Беларусь магла б атрымаць вялікую падтрымку працэсаў палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў, што ўжо даўно наспелі, пачаць сапраўднае набліжэнне да Еўропы, у тым ліку і шляхам паступовай эканамічнай інтэграцыі... Нядаўняе пасланне Еўропы беларускаму народу стала і дэманстрацыяй салідарнасці з намі і нагадваннем цяперашняму рэжыму аб адказнасці за яго злачынствы. А самае галоўнае – у гэтым пасланні гаворыцца пра месца нашай Беларусі ў Еўропе. Я шчыра перакананы, што без Беларусі Еўропа не будзе поўнай. Таму, як калісьці мае продкі, якія ўдзельнічалі ў вызвольным паўстанні Каліноўскага, мы паўтараем заклік “За вашу і нашу свабоду”, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч заклікаў аб’яднаную Еўропу да пашырэння дапамогі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. “Яна павінна быць пашырана і стаць значна больш гнуткай”, - заявіў Аляксандр Мілінкевіч. Говорка ідзе пра садзеянне незалежным медыям, падтрымцы грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваных.

- Сённяшнія праграмы Еўрасаюза разлічаны на краіны, якія ідуць па шляху дэмакратызацыі і рэформ. Яны не могуць спрацаваць у Беларусі... Еўропа не павінна апускаць рук, кажучы - што мы можам зрабіць?! Вы можаце зрабіць шмат! Можаце дапамагчы нам прарваць інфармацыйную блакаду, змагацца з аднабаковым, ствараемым праз урадавую прапаганду, вобразам свету, дапамагчы ў стварэнні прасторы адкрытай грамадскай дыскусіі, месца ў якой знойдуць незалежныя творцы, інтэлектуалы, маральныя аўтарытэты. Гэта безумоўна паспрыяе найхутчэйшаму развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч заклікаў Еўрасаюз падтрымаць праекты незалежнага тэлевяшчання на Беларусь:

- Добры прыкладам такой вельмі канкрэтнай дапамогі ёсць ствараемае з ініцыятывы групы польскіх і беларускiх журналістаў і пры падтрымцы польскага ўраду – незалежнае тэлебачанне для Беларусі. Маю надзею, што гэтыя дзеянні не застануцца справай толькі аднаго, хай сабе суседскага і вельмі прыязнага краю, а знойдуць шырокую падтрымку ўсёй міжнароднай супольнасці, і, у прыватнасці, падтрымку Еўрапейскага Саюза і яго сябраў", – сказаў А.Мілінкевіч.

А.Мілінкевіч, як і старшыня БАЖу Жанна Літвіна, ня лічыць прэмію асабістай заслугай: «Гэта не мая асабістая прэмія. Гэта ўзнагарода для тысячаў беларусаў, якія прадэманстравалі мужнасьць і гатоўнасьць змагацца за сваю годнасьць, за Беларусь. Гэта высокая ацэнка дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэта магутная падтрымка Беларусі». Па яго словах, прэмія пойдзе на падтрымку рэпрэсаваных, якія пацярпелі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Ляўрэат прэміі Сахарава быў вызначаны лідэрамі палітычных фракцыяў і старшынём Эўрапарлямэнту падчас сумеснага паседжаньня ў Страсбургу. Вылучэньне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала найбуйнейшая фракцыя Эўрапарлямэнту «Эўрапейская народная партыя – эўрапейскія дэмакраты».

Эўрапарлямэнтары мяркуюць, што прысуджэньнем Мілінкевічу прэміі імя Сахарава Эўропа дае Лукашэнку выразны знак, а таксама мае важнае значэньне для беларускай дэмакратыі і асабістай бясьпекі Мілінкевіча.

У Страсбург па прэмію разам зь Мілінкевічам паехалі яго жонка Іна Кулей, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка ды палітоляг Андрэй Фёдараў. Меліся ехаць жонка Аляксандра Казуліна Ірына ды старшыня непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс. Першая адмовілася ад паездкі паводле стану здароўя, у сп. Анжалікі ў часе апошняга допыту ў КДБ адабралі пашпарт.

Урачыстая працэдура ўзнагароджаньня адбылася ў аўторак а 13.00 па менскім часе. Распачалася яна сустрэчай з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Жазэпам Барэлем, а таксама з парлямэнцкай групай, адказнай за стасункі зь Беларусяй. Пасьля атрыманьня ўзнагароды Аляксандар Мілінкевіч выступіў з 30-хвіліннай прамовай на сваёй роднай мове.

Па завяршэньні ўрачыстай часткі заплянаваная сумесная з прэзыдэнтам Эўрапрлямэнту прэс-канфэрэнцыя для сусьветных СМІ. Потым беларусы сустрэнуцца з прадстаўнікамі парлямэнцкіх фракцыяў.

Жывой трансьляцыі на "Эўраньюз" не адбылося: сёньня на тэлеканале страйкаваў тэхнічны пэрсанал.

Інтэрнэт-трансьляцыю цырымоніі ўручэньня прэміі можна пабачыць па адрасе europarl.europa.eu

Даведка

Прэмія Эўрапейскага Парлямэнту імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» была заснаваная Эўрапарлямэнтам у 1988 годзе й прысуджаецца штогод за «дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека і яго асноўных свабодаў, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства й разьвіцьцё дэмакратыі». Намінантаў вылучаюць дэпутацкія фракцыі Эўрапарлямэнту або група дэпутатаў, якая павінна сабраць у падтрымку свайго кандыдата ня меней за 25 подпісаў.

Першым ляўрэатам прэміі Сахарава (у 1988 г.) быў Нэльсан Мандэла; у 2003 г. узнагароду прысудзілі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У Беларусь гэтая прэмія ўпершыню патрапіла ў 2004 г. – яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Памер прэміі на сёньня складае 50 тысяч эўра.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру