Сьвяты Мікалай і маленькая беларусачка.

У мяне сёньня лірычны настрой. Хочацца схавацца ад усіх у прыціхлым, засьнежаным лесе, уладкавацца пад пухнатай ялінаю, зрабіць выгляд, што я звычайны сьнегавік і паціху пісаць вершы: Прыляцела зіма белакрылая на лясы, на густыя бары. Коўдрай белай палі атуліла, гарады апранула ў сьнягі... А калі надыдзе ноч, ускараскацца на ледзяную горку, скаціцца зь яе разоў дзесяць у мяккі, як пух, сьнег, пакружыцца разам з далікатнымі сьняжынкамі ў павольным вальсе і з чыстым сумленьнем улегчыся спаць. Але няўрымсьлівы паўночны вецер зноў кліча мяне ў дарогу. Зьвіняць срэбныя званочкі на вупражы быстраногіх белых аленяў. Спадарыня Ноч разьвешвае зялёна-блакітныя зорныя жырандолі ў аксамітных залях свайго неабсяжнага палацу, а чароўныя мастакі, якія звычайна жывуць на гарышчах, ужо намалявалі для дзетак і для дарослых сьветлыя калядныя сны.

Пралятаючы над сьвяточна убраным Менскам, я ня мог не завітаць да цябе, маленькая блакітнавокая прыгажуня. Каб не патрывожыць твой сон, я пакінуў на балконе сані, адпусьціў стомленых аленяў, уладкаваўся на падвоканні, зацярушаным сьнегам, і пачаў пісаць гэты ліст.

Аднойчы, седзячы вось так за вакном твайго пакою, я з такім захапленьнем глядзеў, як ты танцуеш “Бульбашок”, што ледзьве не зваліўся з чацьвёртага паверху. Дзякуй Богу, мяне выратаваў агромісты лядзяш, за які я пасьпеў ухапіцца... А калі ты сьпяваля “Добры вечар, дзяўчыначка”, я, забыўшыся, дзе знаходжуся, пачаў табе падпяваць. Пачуўшы мой голас, ты падбегла да вакна, і я вымушаны быў хавацца ў серабрыстай вадасцёчнай трубе і праседзеў у ёй, пэўна, з паўгадзіны. А колькі разоў я з замілаваньнем назіраў, як старана ты робіш урокі, уважліва слухаў, як прыгожа ты дэклямуеш вершы, любаваўся тваімі цудоўнымі малюнкамі... Хачу табе прызнацца: той малюнак, які ты шукала ўчора раніцай, не згубіўся. Яго ўзяў я, залезшы праз адчыненую фортку ў твой пакой, бо мне вельмі спадабалася, як ты мяне намалявала.

Дарагая паненачка, твае выдатныя адзнакі мяне радуюць ня менш, чым цябе. Я не аднойчы нагадваў тваёй маме, што дзеля таго, каб маленькія дзяўчынкі добра вучыліся, іх трэба карміць цукеркамі, марожаным ды мандарынкамі (сам усё гэта вельмі люблю), а ня маннаю кашай, яечняю ды катлетамі. Я моцна перажываю, калі ты хварэеш, і пільна сачу за тым, каб твае бацькі лячылі цябе смачнымі мікстурамі і салодкімі сіропамі, а ня брыдкімі, горкімі таблеткамі. Час ад часу я іх угаворваю, каб яны дазволілі табе не пайсьці ў школу і ўзялі з сабой у лес, ці ў вёску, каб ты крыху адпачыла ад шматлікіх урокаў, строгіх настаўнікаў ды шумнага гораду. Я бываю вельмі засмучаны, калі ты плачаш. Нябесныя Анёлы старана зьбіраюць ўсе твае сьлёзкі і ператвараюць іх у празрысты крыштальны дожджык. А як усе радуюцца кожнай тваёй усьмешцы... Нават сонейка выглядвае з-за хмараў дзеля таго, каб палюбавацца табой.

Хачу паведаміць табе прыемную навіну. Неўзабаве ў вашай кватэры паселіцца яшчэ адзін жыхар – маленькі, пушысты хамячок, аб якім ты так доўга марыла. Чаго толькі ня зробіш для такой добрай, старанай, паслухмянай, ветлівай дзяўчынкі, як ты...

Мая маленькая беларусачка, на гэтым я мушу закончыць свой ліст. Ужо вярнуліся беласьнежныя алені. Ужо кліча мяне зорнае неба, а вецер распавядае пра шматлікіх дзетак і дарослых, якія зь нецярпеньнем чакаюць сустрэчы са мной. Перадавай прывітаньне маме і тату ды памятай, што яны цябе вельмі моцна любяць і ганарацца табой. Не забывайся, таксама, і на мяне. Вясёлых Калядаў! Сьвяты Мікалай.

Раніцай маленькая прыгажуня пяшчотна пацалавала зьбянтэжанага, сьмешнага, падобнага на казачнага гноміка хамячка, які старана запіхваў за шчокі сакавітую моркву, а потым з сур’ёзным выразам твару прачытала бацькам мой ліст. Тыя ажно прасьлязіліся... Цяпер таго хамячка даводзіцца даглядаць мне, але чаго толькі ня зробіш дзеля таго, каб дзеткі пад час Калядаў пачуваліся шчасьлівымі і верылі, што цуд абавязкова адбудзецца.

11 сьнежня 2006г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?