Аляксандар Казулін ў тэлефоннай размове з жонкай Ірынай пацьвердзіў, што спыніў галадоўку. «Ён ужывае аўсяны кісель і сокі. У яго бадзёры голас і ён кажа, што адчувае сябе нармальна. Яшчэ ён сказаў: «Гэта так цудоўна адчуваць, як ў тваё цела вяртаецца жыцьцё», – паведаміла «Свабодзе» Ірына Казуліна.

Паводле яе, Аляксандар Казулін ня хоча, каб яго паклалі ў шпіталь і на недахоп мэдычнай дапамогі ён не скардзіцца. Ірына Казуліна выказала перакананасьць, што ейны муж сам здолее выйсьці з галадоўкі.

На пытаньне, як Аляксандар Казулін камэнтуе выкананьне ягоных патрабаваньняў, жонка палітыка адказала: «Нам далі паразмаўляць усяго тры хвіліны пры ўмове, што ня будзем гаварыць пра палітыку. Відаць, ён паабяцаў і стрымаў сваё слова».

Нагадаем, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін цягам 53 дзён праводзіў палітычную галадоўку. Ён пратэставаў супраць ўлады Аляксандар Лукашэнкі й дамагаўся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН. Паводле зьвестак міністэрства ўнутраных спраў выхад з галадоўкі Аляксандар Казулін пачаў 11 сьнежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?