Пасьля цырымоніі ўручэньня прэміі імя Сахарава Аляксандар Мілінкевіч выступіў перад дэпутатамі Эўрапейскага парлямэнту. Аляксандр Мілінкевіч прамаўляў па-беларуску і найперш падзякаваў дэпутатам.

– Разам са мной гэтую ўзнагароду атрымліваюць усе беларусы, якія ў Сакавіку стаялі на Плошчы, сядзелі ў турмах, якія выключаныя з унівэрсытэтаў і выгнаныя з працы... Мы – людзі, якія хочуць, каб Беларусь стала дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай і гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць асабістым дабрабытам, свабодай, урэшце жыцьцём, – сказаў Мілінкевіч.

Ён закрануў у выступе тэмы зьніклых палітыкаў і сёньняшніх палітзьняволеных.

– Гэта прэмія і Аляксандра Казуліна, таксама як і Зьмітра Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітвязьняў. Гэтая прэмія – знак неабыякавасьці Эўропы да сытуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сімвал прызнаньня эўрапейскай будучыні Беларусі.

– Калі свабоду трэба заслужыць – мы яе заслужылі. Усёй сваёй гісторыяй і ахвярамі, прынесенымі дзеля яе.

У сваім выступе Мілінкевіч вярнуўся да падзеяў сакавіка бягучага году:

– Рэжым завёў Беларусь у гістарычны тупік. І нашыя акцыі на Плошчы былі адчайнай спробай вывесці Беларусь з гэтага тупіка. Мы выйшлі не па кавалак хлеба, а па маральныя каштоўнасьці – свабоду і праўду. Калі б вы змаглі быць з намі, вы б адчулі захапленьне і натхненьне, пачуцьце свабоды і адсутнасьць страху. Таксама як боль і адчай, пасьля таго, як зьмерзлых і стомленых маладых людзей тады проста закінулі ў грузавікі і адвезьлі ў турму, – сказаў Аляксандар Мілінкевіч.

Мілінкевіч адзначыў, што ня бачыць для дэмакратычных сілаў у Беларусі іншага шляху, як працягваць змаганьне за дэмакратыю і свабоду ў краіне:

– Наш народ прайшоў праз гвалтоўную дэнацыяналізацыю, ампутацыю гістарычнай памяці. У 1991 годзе мы цешыліся, стаўшы ўрэшце незалежнымі. І не адразу зразумелі, што незалежнасьць і свабода – не адно і тое ж. Сёньня мы зноў змагаемся за свабоду і адстойваем незалежнасьць. Робім гэта ня толькі дзеля сябе – у першую чаргу дзеля нашых дзяцей, якія, як і францускія, літоўскія, польскія, брытанскія дзеці, маюць права жыць у свабоднай краіне. Выбар ёсьць. Надта просты: здацца рэжыму і адмовіцца ад уласнага “я” дзеля адноснага дабрабыту, альбо – сьвядома абраць змаганне за свабоду і ахвяраваць гэты дабрабытам. У нас няма іншага шляху, акрамя змаганьня і перамогі – мы павінны перамагчы дзеля нашых дзяцей.

Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуў увагу еўрадэпутатаў на ўсё яшчэ актуальную небясьпеку правядзеньня ў Беларусі «рэфэрэндуму пра ўзьяднаньне з Расеяй» і заклікаў Эўропу «засьцерагчы Расею ад такога мерапрыемства»:

– Мы бачым чарговае пацьвержданьне невясёлай прымаўкі, што дармовы газ бывае толькі ў газавай камэры. Сярод галоўных умоваў рахунку, выстаўленага Масквой Лукашэнку за доўгую палітычную і эканамічную падтрымку – пераход на адзіную (а фактычна расейскую) валюту і прыняцьце канстытуцыйнага акту так званай, «саюзнай дзяржавы» ў расейскай рэдакцыі... Такому варыянту развіцця падзей пакуль што супраціўляюцца і беларускія палітычныя вярхі. Яны выдатна ўсведамляюць, што з стратай незалежнасьці і прыходам да нас расейскага капіталу мала хто зь іх захавае і свае пасады, і свае матэрыяльныя здабыткі. І ўсё ж нельга выключыць, што, кіруючыся інстынктам самазахаваньня, улада пойдзе на вышэйзгаданыя ўмовы, для апраўданьня чаго будзе праведзены адпаведны рэфэрэндум. Гарантыяй незалежнасьці Беларусі можа быць толькі дэмакратыя, а ніяк не дыктатура, – сказаў Мілінкевіч.

Кажучы пра пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў, Мілінкевіч адзначыў:

– Мы жадаем жыць у сувэрэннай дзяржаве, але будаваць з Расіяй самыя лепшыя адносіны. Расея для нас, як і для Эўрасаюзу, заўсёды будзе стратэгічным партнёрам, а дэмакратычная Беларусь для Расеі -- надзейным і прадказальным сябром... Спадзяемся, што рэалізм у Расеі калісьці ўсё ж возьме верх.

У выступе Мілінкевіч даў ацэнку санкцыям Эўрасаюзу ў дачыненьні да чыноўнікаў, уцягнутых у рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі:

– Я лічу, што забарона на ўезд у краіны Эўразвязу асобам, што парушаюць Канстытуцыю і маюць дачыненьне да рэпрэсіяў, мера вельмі эфэктыўна. Сьпіс такіх «змагароў супраць дэмакратыі» павінен пашырыцца.

Адначасова Мілінкевіч заклікаў Эўрасаюз не падвышаць для грамадзянаў Беларусі эны на шэнгенскія візы.

– Мяркуецца, што з пачатку новага году цэны візаў дасягнуць 60 эўра. Падобныя ўмовы на карысьць толькі Лукашэнку, які ўвесь час палохае беларусаў тым, што «на Захадзе нас ніхто не чакае», – сказаў Мілінкевіч.

Гаворачы аб прапановах, якія зрабіла афіцыйнаму Менску Эўракамісія (нармалізацыя адносінаў, адмова ад варажнечы і дэмакратызацыя ў абмен на адкрыцьцё рынку ЭЗ), Мілінкевіч адзначыў, што гэта «выдатная магчымасьць выйсьці зь міжнароднай самаізаляцыі і незайздроснага эканамічнага становішча, у якім апынуўся афіцыйны Менск».

– А самае галоўнае – у гэтым пасланьні гаворыцца пра месца нашай Беларусі ў Эўропе. Безь Беларусі Эўропа ня будзе поўнай. Таму, як калісьці мае продкі, якія ўдзельнічалі ў вызвольным паўстаньні Каліноўскага, мы паўтараем заклік «За вашу і нашу свабоду», – сказаў Мілінкевіч.

Мілінкевіч заклікаў Эўрасаюз падтрымаць праекты незалежнага тэлевяшчаньня на Беларусь:

– Добры прыкладам такой вельмі канкрэтнай дапамогі ёсьць незалежнае тэлебачаньне для Беларусі, што ствараецца пры падтрымцы польскага ўраду.

AP Photo/Christian Lutz/ AP via Yahoo! News

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру