Каб жыхар Малога Сітна мог наведаць набажэнства, патрэбны цэлы дзень – да Полацку паўсотні кілямэтраў, а транспарт ходзіць рэдка. Трапіць на пачатак служэньня ў некаторых храмах можна толькі калі заначаваць у горадзе. Пытаюся ў старшыні сельсавету, чаму б не пабудаваць царкву, касьцёл або малітоўны дом у Сітне. «У нас туды ніхто ня пойдзе, – заяўляе мясцовая ўлада, – там жа трэба непітушчыя, сямейныя, гаспадары».

Лёгіка жалезабэтонная. Грэшнікі – нашто ім царква? Быціе апрэдзяляет сазнаніе. Памірай, роднае Сітна, у сваім бязбожжы. А храм пабудаваць... Гэта ж грошы, ды клопат, а ў выніку – штонядзелю на споведзь.

Галіна Дзьмітрыеўна, якая адмаўляе сіценцам у праве жыць па-хрысьціянску, тлумачыць сваю пазыцыю прынцыпамі рынкавага сацыялізму: маўляў, няма на веру попыту. Менгарвыканкам у справе з царквой «Новае жыцьцё» ідзе далей. Попыт там відавочна ёсьць, дый малітоўны дом вернікі збудавалі самі. Але рашэньне – выселіць! – ужо нават не тлумачыцца якімі-небудзь праўдападобнымі аргумэнтамі. Цяпер вось Горадня. Тысячы парафіянаў ужо які год чакаюць дазволу на будаўніцтва касьцёлу, а абласное начальства ні з пушчы, ні з поля ксяндзу ў лоб: ваша паства вас абкрадае... Тутсама 5 гадоў таму зацята цкавалі беларускага праваслаўнага бацюшку Яна Спасюка, а царкву, ім зладжаную, зносілі бульдозэрамі.

Бачыш гэтыя чыноўніцкія, заплылыя тлушчам, вочкі, гэтыя трэція-чацьвертыя падбародзьдзі – і літаральна чуеш буркатаньне вялізнага страўніка. Калі вернікі будуюць са свайго цела, паводле Бібліі, храм Духа Сьвятога – дык што за спаруды грувасьцяць са сваіх тулаваў гэтыя дойліды? Не жывуць, а спажываюць. Нашто ім храм? Нашто ім Бог?.. Глядзіш на зубадрабільныя выразы твараў адкормленае бюракратыі – і разумееш, чаму адказам на гэтае застойнае атупеньне ёсьць масавае адмаўленьне ад ежы.

Шматлюдныя галадоўкі пасьля вясны-2006, пачатыя маладафронтаўцамі, падхопленыя незалежнымі прафсаюзамі, разгорнутыя пратэстантамі, каталікамі й партыйцамі, – гэта яшчэ й пратэст супраць сытай абыякавасьці ўсяго грамадзтва, што гатовае трываць рэжым дзеля «стабільнасьці» й адноснага дабрабыту. Галадоўнікі рыхтуюць усе 10 мільёнаў беларусаў да голаду без эўрапейскіх прэфэрэнцыяў і холаду без расейскага газу. Гэта – своеасаблівы нацыянальны пост, які новы беларускі рух трымае перад пакаяньнем усяго народу.

Так, усе падзеі найноўшай беларускай гісторыі маюць свой духоўны зьмест. Як і знакаміты біблійны выхад з эгіпецкага рабства быў толькі пачаткам шляху да зямлі абяцанай, так і беларускі рух за свабоду мусіць прайсьці праз устрыманьні, пакуты й выпрабаваньні.

Доўгая беларуская дарога да храму – гэта ўсё тое ж блуканьне ў пустыні. Галадаваньне. Смага. Трываньне. Пакланеньне чужым багам і бясконцае выяўленьне, хто тут галоўны. Сутычкі з супраціўнікамі. Страх. Пакаяньне. І ўсё-такі, урэшце – новая краіна.

Доўга, доўга атрымліваецца. Але іншага шляху ў нас, як і ў габрэяў часоў Майсея, няма. У Беларусі, паводле сьведчаньня Васіля Быкава, доўгая дарога дадому.

Мы ўсё чакаем, пакуль Расея падвысіць кошт на газ, і люд нешта зразумее. Мы спадзяемся, што эўрапейскія санкцыі прымусяць прыхільнікаў Лукашэнкі думаць інакш. Мы марым, каб Захад або Усход чароўна наблізілі нас да храму Новае Беларусі: раз – і мы пры дзьвярох... Але сваю дарогу да храму кожны чалавек і кожны народ мусіць прайсьці самастойна. Гэта справа нашага сумленьня й нашае веры – адолець адлегласьць і целам, і душою, і духам.

    О, як далёка нам яшчэ да Беларусі?
    Можна пачакаць.
    А можна рушыць.

Парадаксальна – але тыя, хто не выходзіў з былога кароўніка ў Сухараве, і тыя, хто галадаваў разам з ксяндзом Аляксандрам Шэметам ў гарадзенскай капліцы, дабраліся далей, чым зборшчыкі подпісаў на мясцовых выбарах, што абыходзілі сотні кватэраў. Хрысьціяне перамаглі – бо ішлі духовым шляхам. Наўпрост. Малітва, вера, пост у сёньняшняй Беларусі даюць эфэкт куды большы, чым грошы, рэйтынг альбо піяр.

Пакуль апазыцыя без асаблівага энтузіязму выходжвае чарговую кампанію ды замірае ў прадчуваньні чарговага кангрэсу – беларускія хрысьціяне ствараюць сапраўдны фронт змаганьня, быццам фартэцыі, адстойваючы й будучы храмы.

Так у цэнтар грамадзкага жыцьця ў Беларусі зноў вяртаецца храм. Ня газавая труба, ня гіпэрмаркет і не партыйны офіс – хрысьціянская сьвятыня, якая тысячу гадоў была сэрцам гэтае краіны.

Асноваю новай альтэрнатывы – ідэйнай, грамадзкай, палітычнай – у Беларусі робяцца, як і належыць, хрысьціяне. Тыя, хто ідзе да храму, вядуць усю краіну да нацыянальнага абуджэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0