У зацемненай канфэрэнц-залі Ўправы БНФ чуюцца галасы Плошчы. У цэнтры залі стаяць сымбалічны намёт, дзе людзі спрабуюць сагрэцца ад холаду, лунае бел-чырвона-белы сьцяг, удзельнікі намётавага гарадка частуюцца гарбатай. Нехта празь імгненьне выгукне: «Зараз сюды прыедзе АМАП!». На «Плошчы» пачынаецца ажыўленьне. Праз хвіліну «АМАПаўцы» жорстка будуць выцягваць і зьбіваць удзельнікаў стылізаванай Плошчы. Нехта крычыць: «Захапі журналіста!». «АМАПавец» вяртаецца ў залю і цягне за сабой яшчэ аднго хлопца.

Такой імправізацыяй распачалася сустэча герояў Плошчы. Праграму вёў Франак Вячорка, які гаварыў у мэгафон пра тое, што мы ўсе сёньня робім у гэтым памяшканьні, якія падзеі аб’ядалі ўсіх нас. Прысутныя ў гэтыя хвіліны стаялі з запаленымі ў руках сьвечкамі.

На телеэкране ў гэтыя хвіліны мільгалі моманты гераічнага змаганьня моладзі на Кастрычніцкай плошчы 19-23 сакавіка. Прысутныя пазнавалі ў гэтых нарэзках сябе, знаёмых, сукамэрнікаў. Кінанарэзкі ішлі праз усю прэзэнтацыю. Выступіў бард Андрэй Плясанаў, які засьпяваў некалькі новых песьняў.

Пасьля пачаліся выступы гасьцей. Амэрыканка Джэніфэр Ід выказала надзею, што бліжэйшым часам перакладзе кнігу «Верым. Можам. Пераможам» на ангельскую мову, яна сказала, што гэтая кніга патрэбная амэрыканцам, «каб ведалі, што ў сьвеце ёсьць несправядлівасьць, але таксама ёсьць людзі, якія змагаюцца зь ёй». Джэніфэр жыве ў Беларусі толькі тры месяцы, яна вучыцца на магістратуры філфаку БДУ, але ўжо праніклася ідэяй беларускасьці.

Моладзевы актывіст Дзяніс Садоўскі казаў пра тое, што ён баяўся перад тым, як ісьці на Плошчу, але ня меў ніякіх сумніваў наконт правільнасьці таго, што ён рабіць.

Легенда Плошчы Крысьціна Шацікава сказала, што «ў тыя дні мы перамаглі нягледзячы ні на што, таму назад дарогі няма. Мы – найлепшыя», - сказала Шацікава.

Сьвятлана Багданкевіч прачытала верш «Дні закаханых», якія яна напісала ў сакавіцкія дні.

Аднак асабліва ўзрушыў публіку прадпрымальнік Алесь Т. Ён расказваў пра тое, як прадпрымальнікі перавозілі на Плошчу ежу, намёты, як атрымлівалася дурыць міліцыянтаў, калі казалі, што ідуць да дырэктара Палацу рэспублікі «Халявы», і гэта ў іх атрымлівалася. Т. прасіў прабачэньня, што ня мог быць усе ночы і дні на Плошчы, што не сядзеў на сутках. Але абяцаў любую дапамогу людзям, што будуць працягваць змагацца.

Сустрэча доўжылася каля гадзіны, мікрафон быў вольным і кожны ахвотны мог расказаць пра свае ўражаньні ад Сакавіка-2006, але чамусьці такіх аказалася ня дужа багата.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?