Калі ЭЗ прадставіў сваю «стратэгію нармалізацыі Беларусі», то аналітыкі апісалі гэты дакумэнт як утапічны, бо ён прапануе стратэгію паступовага дэмантажа сучаснай пост-БССРаўскай эканамічнай і палітычнай сістэмы РБ.

Прапановы спыніць палітычны перасьлед і абяцаньне адкрыць эўрапейскія рынкі беларускім таварам будуць мець сэнс толькі для гіпатэтычнага дэмакратычнага ўраду і ў іншай эканамічнай сістэме. Беларуская малаэфектыўная эканоміка няздольная скарыстацца з гандлёвых ільготаў, бо вялікая частка нашага экспарта ўсё ж не адпавядае эўрастандартам. Тупік для абодвух бакоў.

Але бог зь ім, зь цяперашнім кіраўніцтвам РБ. Яно можа ігнараваць прапановы і магчымасьці, бо паводзіць сябе як дробны савецкай чыноўнік пэнсійнага ўзросту - нашто нешта мадэрнізаваць, калі сёньня-заўтра на пэнсію?

Эўропа тым часам даказвае, што можа рэальна дапамагчы беларускім структурам, якія не заражаныя гэтым перадпэнсійным маразмам: Рада Міністраў краін паўночнай Эўропы (Nordic Council of Ministers) падтрымліваюць 11 бакаляўрскіх і магістарскіх праграм, якія прапануе Эўрапейскі Гуманітарны Унівэрсітэт: сума 4.5 млн эўра выдаткаваная на фінансаваньне самаго Ўнівэрсітэта і стыпендыі студэнтаў.

Рада міністраў паўночнай Эўропы лічаць падтрымку дэмакратыі ў нашай краіне праз установы адукацыі і НДА адным з элементаў сваёй стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, прычым у гэтым яны супрацоўнічаюць з Эўрапейскай Камісіяй, - пра гэта заявіў кіраўнік Рады Пер Ункель на канфэрэнцыі 12га сьнежня ў Вільні. Пер Ункель дадаў, што ганарыцца гэтым новым накірункам дзейнасьці Рады, бо дапамога Беларусі “параўнальная дапамозе балтыйскім краінам у 1990х гадох.”

Такім чынам, дэманструецца канкрэтны прыклад іншым унівэрсітэтам Беларусі, бізнэс-кейс, калі хочаце. Дзейнічайце як прафэсіяналы, прапануйце актуальныя адукацыйныя праграмы, не закрывайцеся ад сьвету, і ў рамках стратэгіі разьвіцьця сістэм адукацыі балтыйскага рэгіёну амаль любая установа беларускай сістэмы адукацыі можа атрымаць грошы і падтрымку.

Жыцьцёва неабходную падтрымку, заўважу, - нашы ўнівэрсітэты перажываюць вельмі жорсткі крызыс кваліфікаваных кадраў, і таму проста няздольныя адказваць на сапраўдныя запыты часу і адаптавацца да новых эканамічных умоваў.

Даведка: Краіны паўночнай Эўропы (Nordic region) - гэта Данія, Фінляндыя, Ісляндыя, Нарвэгія і Швецыя.

Павел Солтан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?