Новыя ідэалягічныя ўстаноўкі ў люстэрку тэлепраектаў БТ і АНТ: тэлефільмы «Была краіна» ды «Савецкая Беларусь» глядзеў Алесь Кудрыцкі.

Беларускія дзяржаўныя мэдыі маюць адну цудоўную рысу. Яны настолькі падкантрольныя ўладзе, настолькі несамастойныя і маніпуляваныя, што любыя зрухі рэжыму адбіваюцца ў іх, нібы ў люстэрку. Найперш гэта датычыцца знакавых «спэцпраектаў», накшталт тэлефільмаў «Была краіна» (Першы нацыянальны тэлеканал) ды «Савецкая Беларусь» (АНТ). У нармальных умовах такія фільмы мусілі б быць пераасэнсаваньнем гісторыі журналістамі. Насамрэч жа атрымалася тэлепраекцыя спушчаных «згары» найноўшых ідэалягічных установак. Як у той сталоўцы: атрымалі з базы паўфабрыкаты ды, як маглі, зрабілі зь іх катлеты.

Аналізаваць, наколькі тыя фільмы адпавядаюць гістарычным фактам, няўдзячная справа - перад тэлерэжысэрамі стаялі задачы, далёкія ад гістарычнага дасьледваньня. А вось заўважыць, куды перасоўваюцца ідэалягічныя акцэнты, сапраўды цікава. Сам факт, што былі зьнятыя два фільмы - «Была страна» ды «Савецкая Беларусь» - шмат пра што кажа. У прынцыпе, можна было б зьняць і адзін фільм, густа замяшаны на савецкай настальгіі. Аднак ідэолягі абралі прынцыпова іншы падыход: СССР ды Беларусь сэрвіраваць асобна.

Мэдыйнае суправаджэньне да абодвух фільмаў дазваляе казаць пра тое, што гэта была сапраўдная інфармацыйная кампанія. Пралёгам да тэлепрадуктаў Першага нацыянальнага тэлеканалу і АНТ былі выпускі тэленавінаў, у якіх дыктары, нібы згаварыліся, прэзэнтавалі вынікі апытаньня, праведзенага ў Расеі, Украіне ды Беларусі Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі. Паводле яго, беларусы найменш за іншых шкадуюць пра зьнікненьне СССР і найбольш скептычныя што да яго аднаўленьня. Фактычна, яны лічаць рэінкарнацыю Саюзу немагчымай. Улічваючы, што «няўгодных» грамадзкіх апытаньняў у тэленавінах не агучваюць, гэтыя вынікі – падмацаваньне новых ідэалягічных ўстановак. Калі раней унушалі: «СССР развалілі, але мы зробім усё для яго адбудовы наноў» дык цяпер: «СССР развалілі, але мы адбудуем новую Беларусь, якая возьме ад яго ўсё найлепшае».

Тыя, хто чакаў адвечнага плачу з нагоды «развалу» СССР, былі расчараваныя. Трэцяя, заключная сэрыя фільму «Была краіна» пачынаецца шакуючай фразай: СССР быў хворы, і хвароба была падобная да атлушчэньня – сэрца не давала рады нагрузкам. Калі запрошаныя на здымкі госьці збольшага і настальгуюць па Савецкім Саюзе, дык у вусны нябачнаму дыктару ўкладзеныя адмыслова сухія ды нэўтральныя словы. Фільм – ня заклік да дзеяньня, і нават ня гнеўнае абвінавачаньне ў бок «дэмакратаў». «Была краіна» - гэта ахутаная лёгкай настальгіяй канстатацыя факту: СССР перастаў існаваць. Маўляў, шкада, але што зробіш. Трэба жыць далей.

Што ляжыць у фундамэнце новай краіны, якую нам давядзецца будаваць, тлумачыць іншы фільм - «Савецкая Беларусь». Тут зусім іншая стылістыка. Калі на тэлестужку пра СССР адвялі ўсяго тры сэрыі, дык на кіно пра Беларусь - ажно дзесяць. Ды якіх! Гэта вам не банальныя тэлеінтэрвію, разбаўленыя кінахронікай. Тут і актор-вядоўца, і наўмысна падрапаныя на кампутары «пад стары кінэматограф» пастановачныя здымкі, і рэвалюцыянэры ў скуранках, і архіўныя кадры, і экспэрты, і кампутарныя эфэкты. Мікалай ІІ у Магілёве – як жывы!

Першы сюрпрыз – жорсткія эпітэты, якімі вядоўца адорвае расейскую манархію, "пакрытую ганьбай Цусімы, круцельскую, пагарджаную царквой і народам". На расейскай тэлевізіі такога не пабачыш.

Адпраўной кропкай фільму ўзятая Першая сусьветная вайна як катастрофа для беларускага народу. Зрэшты, першая ўзгадка ў фільме пра беларускі народ зьвязаная менавіта з пратэстам сялянаў супраць вайны ды памешчыкаў, якія нажываліся на народнай бядзе. Фактычна, гэта падаецца як першае абуджэньне народнай сьвядомасьці. Выходзіць, што беларуская нацыя паўстала тады, калі наважылася пратэставаць. Варта адзначыць сьмеласьць аўтараў фільму, якія стаюць на такую хісткую кладку. Даючы азначэньне «паліцэйскі» тагачаснаму рэжыму, разьвязваючы вузлы прычынаў, якія прывялі да рэвалюцыі, апісваючы хаду пратэстаў, яны няўмольна падводзяць гледача да правядзеньня паралеляў з сучаснай сітуацыяй. Чым замоўчваць відавочнае, рэжысэр вырашае абыграць гістарычную паралель. "Падзеі тых часоў у Петраградзе нагадваюць сёньняшнія каляровыя рэвалюцыі", – кажа ў кадры Пётар Петрыкаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі. Выходзіць двухсэнсовасьць: рэвалюцыя падаецца ня толькі як народнае ўзбурэньне, але і як вынік дзеяньняў лібэральных буржуазных сілаў, якія мелі магчымасьць штучна арганізаваць эканамічны крызіс.

"Інтэрнацыянальныя па свайму духу бальшавікі канкуравалі з рознымі нацыянальнымі партыямі, у тым ліку, з Грамадой", – прызнаюцца аўтары фільму. Гэта чарговы арэшак, які даводзіцца раскусваць яго ідэолягам: як прэзэнтаваць беларускі нацыянальны рух пачатку стагодзьдзя ў кантэксьце стварэньня новай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Настройка: "падаваць нэгатыўна". Калі браць за ідэал дзяржаўнасьці СССР, то лёгка ганіць тых, хто марыў пра незалежнасьць Беларусі. Але як уцямна патлумачыць гледачам, што незалежнікі пачатку ХХ стагодзьдзя шкодзілі таму, каб у канцы ХХ ст. Рэспубліка Беларусь паўстала як дзяржава ды займела свайго першага прэзыдэнта?

Аўтары фільму вынаходзяць адмысловы лягічны лацужок: "Народ зьвязваў рашэньне праблемаў не зь беларускімі, а з агульнарасейскімі палітычнымі сіламі, у тым ліку з бальшавікамі і эсэрамі". Маўляў, простыя людзі лічылі, што нацыянальнымі сіламі кіруюць багацеі накшталт Скірмунта. Дзікавата глядзіцца на экране выдраная з кантэксту цытата Цьвікевіча: "Народ крычаў "Прэч!" кожнаму інтэлігенту, які гаварыў па-беларуску". Яе ня проста зачытваюць, але і выводзяць тэкстам на экран. Адчуваецца: зьнівэляваць ролю нацыянальнага руху пачатку мінулага стагодзьдзя – толькі адна з установак. Звышзадача ідэлягаў – намацаць гістарычнае абгрунтаваньне для легалізацыі нянавісьці сучаснага беларускага рэжыму да ўсяго беларускага.

Рэзкае адрозьненьне фільму ад падобных стужак, зьнятых за савецкім часам: Ільіч пачынае зьлівацца з масоўкай. Пра Леніна ўзгадваюць толькі пры патрэбе, пункцірам. Яго роля не адмаўляецца, але слова "правадыр" ужо не чуваць.

Пакрыты пылам пантэон рэвалюцыйных багоў чакае вялікая рэарганізацыя: ідзе пошук новых герояў, калі не духоўна, дык хаця б геаграфічна прывязаных да беларускай тэрыторыі. Пад акампанэмэнт ласкавага барытону дыктара на экране паблісквае круглымі акуляркамі Фрунзэ, а бальшавік Пралыгін хвацка вядзе браняпоезд у Менск. Разам з тым, вызначэньне новых герояў адбываецца асьцярожна, без залішняга імпэту ды рамантызацыі. Ствараецца падмалёвак, які, аднак, не даводзіцца да стану іконы.

Фактычна, робіцца першы крок да дэперсаналізацыі рэвалюцыі. На першы плян выходзяць не правадыры, а чалавечыя масы, якія жадаюць і дамагаюцца ўсталяваньня новага палітычнага ладу. Калі выявіцца, што наступныя сэрыі фільму так сама, як і Леніну, не нададуць першачарговай увагі Сталіну, Машэраву ды іншым пэрсаналіям, актуальныым для "савецкай" гісторыі Беларусі, калі зноў будзе зроблены акцэнт на падзеі, а не на асобы, то можна будзе казаць пра тэндэнцыю да агульнай дэпэрсаналізацыі сучаснай беларускай гісторыі. Ці ня робіцца гэта для таго, каб новаствораныя героі не зацьмілі тую асобу, якая прыйшла празь восем дзесяцігодзьдзяў, каб "давесьці да сапраўднага ладу" рэвалюцыйную справу? Ці ня ёсьць дэпэрсаналізацыя пралогам да яе монапэрсаналізацыі?

Новы тон рыторыкі прэзыдэнцкіх прамоваў, выпускаў тэленавінаў, тэкстаў газэтных перадавіц ды дыктарскай агучкі іміджавых фільмаў дазваляе казаць пра тое, што зараз ідзе перагляд падыходаў да пазыцыянаваньня "праекту РБ". Выклікана гэта, хутчэй за ўсё, жаданьнем зьмяніць (а найлепш – пашырыць) мэтавую аўдыторыю гэтага ідэалягічнага праекту.

Ідзе апора ўжо не на памяць, а на міт. Пакаленьне, якое будавала СССР, адыходзіць. Актывізуецца пакаленьне, якое найлепш памятае напаўгалодныя васьмідзесятыя гады і жыве не мінулым, а сёньняшнім днём. Настальгія па СССР меншае, Масква закручвае газавы кранік – і як вынік замест нерэальнага ўз’яднаньня народаў прапануецца савецкі канцэнтрат, Савецкі Саюз у мініятуры, Рэспубліка Беларусь, якая мусіць увасобіць у сабе ўсё найлепшае, што мела савецкая сыстэма.

Важная рыса новай ідэалёгіі – адыход ад расейскіх ды агульнасавецкіх мітаў і стварэньне міту ўласнага. У кантэксьце новага беларускага міту Пуцін, які прымае вайсковы парад у стылі апошняга манарха, глядзіцца ня толькі карыкатурна, але і варожа. З расейскага міту паўстае новая імпэрская Расея, а з беларускага – новая савецкая Беларусь. Цікава, што "славянская" ідэя ўжо, выглядае, ня лічыцца ідэолягамі актуальнай – яе адкінулі на карысьць "савецкай" ідэі.

У беларускай ідэалёгіі больш не праглядаецца ўстаноўкі на самазьнішчэньне краіны ў выніку зьліцьця з Расеяй. Вядзецца пошук адметнасьці "новай савецкай Беларусі". Вось толькі куды ён завядзе?

Ідэолягі стаюць на небясьпечны для сябе шлях. Новая ідэалёгія – спроба збудаваць нешта новае на ўласна беларускім гістарычным матэрыяле. Але надта ўжо няўдзячны матэрыял абраны. Ці ўдасца зрабіць новую ідэалёгію масава прывабнай? Няўжо рэжым сапраўды зьбіраецца пашыраць сваю базу за кошт пакаленьня 30–40-гадовых, для якога сталінскія расстрэлы – факт, а камуністычныя лёзунгі – найчасьцей пажоўклыя штампы? А што да моладзі, дык для яе Фрунзэ – гэта проста назва менскай вуліцы.

Новая ідэалёгія закладаецца для пабудовы краіны, якая мае назву Беларусь, аднак актыўна адмаўляе ўсё беларускае. Гэта самая складаная задача, якая паўстае перад ідэолягамі. Адна справа – нішчыць беларускую мову, рыхтуючыся да ўз’яднаньня з Расеяй, але як патлумачыць такія паводзіны, калі ты будуеш незалежную Рэспубліку Беларусь? Таму ў будучым варта чакаць новых спробаў ідэалягічнага абгрунтаваньня непатрэбнасьці, няважнасьці, шкоднасьці беларускага для Беларусі. І гэта самае слабае месца новай ідэалёгіі.

І апошняе – у новай дзяржаўнай ідэі зьяўленьне беларускай нацыі зьвязваецца з народным пратэстам супраць несправядлівага рэжыму, які выліўся ў рэвалюцыю. Гэта закладае ў падмурак ідэалёгіі пратэстны пачатак. Варта прызнаць – гэта ня самыя прыдатныя ідэйныя падваліны для краіны, якая найперш цэніць «стабільнасьць».

Вынікі агучанага па беларускіх тэлеканалах апытаньня, праведзенага Усерасійскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі: беларусы найменш настальгуюць па СССР, амаль ня вераць у яго аднаўленьне, ды правалілі б новы саюзны рэфэрэндум. На пытаньне «ці шкадуеце вы пра распад СССР?» станоўча адказваюць 68% жыхароў Расеі, 59% украінцаў і 52% беларусаў. Магчымым аднаўленьне СССР лічаць 23% расейцаў, 18% украінцаў і толькі 13% беларусаў. Калі б праводзіўся рэфэрэндум пра стварэньне новага Савецкага Саюзу, то вынікі былі б такімі: Расея – "за" 51%, «супраць» – 22%. Україна - «за» 45%, «супраць» – 25%. Беларусь: «за» 36%, «супраць» – 32%.

Варта адзначыць, што ВЦІОМ – гэта дзяржаўны сацыялігічны цэнтар і ягоныя зьвесткі ў мінулым часта адрозьніваліся ад зьвестак іншых сацыёлягаў у бок, выгадны ўладам Расеі.

Фота ont.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?