Гэтая фраза была ягонай улюбёнай прымаўкай. Памёр Піначэт, які ішоў да ўлады з добрым намерам уратаваць краіну ад хаосу, а застаўся ў гісторыі крывавым дыктатарам. Гутарка з дасьледчыкам Лацінскай Амэрыкі Сяргеем Шабельцавым.

«Наша Ніва»: Якімі былі перадумовы прыходу да ўлады Піначэта?

Сяргей Шабельцаў: Піначэт – гэта малавядомы чалавек, без асаблівых здольнасьцяў. Ён стаў вядомым і прыйшоў да ўлады толькі дзякуючы палітыцы, якую праводзіў яго папярэднік – Аўгуста Альендэ, палітыцы масавай нацыяналізацыі. Улада не магла кантраляваць сытуацыю на месцах, рабочыя хунты захоплівалі прадпрыемствы. Эканоміка пачала развальваццаа, краіна пагружалася ў хаос. Адзін дзень ідзе мільённая акцыя падтрымкі Альендэ, назаўтра такая ж акцыя супраць палітыкі ўраду. У 1973 годзе інфляцыя ў Чылі склала 600%. Ультраправыя і ультралевыя тэрактамі загналі краіну ў стан фактычнай грамадзянскай вайны.

«НН»: Як зьявіўся варыянт зь Піначэтам?

СШ: Чылі была найбольш законапаслухмянай, эўрапэізаванай і індустрыяльй краінай Лацінскай Амэрыкі. З ХІХ ст. Яна мела самае моцнае войска ў рэгіёне. Пры гэтым войска па сваёй структуры не кланавае, дысцыплінаванае. Прычым чылійскія вайскоўцы былі пазбаўленыя той пыхі, якая характэрная для Аргентыны. Павага да вайскоўцаў заўсёды была высокай. У такой сытуацыі частка генэралаў прыходзіць да Піначэта з просьбай узначаліць іх, кажучы: калі ты ня згодзісься, згодзяцца іншыя.

«НН»: Ці быў Піначэт відавочным лідэрам паўстанцаў?

СШ: Не, Піначэт ня быў нейкім там рухавіком перавароту, але ён узяў на сябе адказнасьць. Ужо сам факт, што да перавароту генэрал значыўся нумарам 3 у сьпісах на зьнішчэньне, складзеных ультраправымі, сьведчыць пра тое, што тут сваю ролю хутчэй адыграў пан Выпадак. Дый у грамадзтве ён асаблівае вядомасьці ня меў. Аднак няважна, хто вам падказаў правільнае рашэньне, важна, хто ўзяў на сябе адказнасьць. Супраціву войску практычна не было аказана, пераварот быў зьдзейсьнены за адзін дзень. «Я не адчуваю сябе пераможцам, я лічу сябе проста чалавекам, які выканаў свой абавязак перад Радзімай». – казаў Піначэт.

«НН»: Які лёс мог напаткаць Чылі ў выпадку няўдалага перавароту?

СШ: Чылі магло паўтарыць лёс Кубы ці іншай краіны з сацыялістычнага раю.

«НН»: Як мы можам ахарактарызаваць часы знаходжаньня ва ўладзе Піначэта?

СШ: Яны былі рознымі. Першыя гады былі жорсткімі, ішлі бязьлітасныя расправы з камуністамі. На стадыёне ў Сант’яга дзейнічаў канцлягер. Камісія «Праўды і прымірэньня» ў 1991 годзе прыйшла да высновы, што ў гэты час зьнішчылі 2279 чалавек, 164 сталі ахвярамі разгону маніфэстацыяў. Піначэт відавочна мог бы перашкодзіць стварэньню ў краіне канцлягераў, дзе катавалі людзей, але не зрабіў гэтага. Можа быць, яму не далі, бо за гэтым стаялі стаўпы Піначэтавай улады, а разрываць зь імі дачыненьні Піначэт ня мог. Варта адзначыць, што людзі, якіх забіваў Піначэт, рабілі тое самае са сваімі праціўнікамі, калі былі ва ўладзе.

«НН»: Дыктатура Піначэта была клясычнай у разуменьні гэтага слова?

СШ: Так, ён забараніў партыі, распраўляўся зь іншадумцамі, распусьціў кангрэс, умешваўся ва ўнутраныя справы ўнівэрсытэтаў. Піначэт палічыў, што ў надзвычайнай сытуацыі, якая склася ў краіне, можна часова забыцца на законнасьць, а пасьля краіна будзе разьвівацца па нармальным шляху. Ён усталяваў дыктатуру, але заахвочваў прыватную ўласнасьць і рыначныя пераўтварэньні.

«НН»: За часамі кіраўніцтва Піначэта Чылі дасягнула выдатных посьпехаў у эканоміцы?

СШ: Таксама ўсё ня так адназначна. Піначэт прыйшоў да ўлады, калі ў Чылі было жахлівая эканамічная сытуацыя. Былі крызісы і пры Піначэту ў 1976 і 1982 гадах. У сярэдзіне 70-х Піначэт спрабаваў будаваць карпаратыўную дзяржаву, якая будавалася на супрацоўніцтве розных клясаў грамадзтва, аднак адсутнасьць эканамічнага росту вымусіла ад гэтай ідэі адмовіцца. Пасьля быў лібэралізм узораў чыкагскай школы, і пасьля гэтага Чылі дасягнула сапраўды выдатных эканамічных посьпехаў.

«НН»: На Ваш погляд, ці мусіў адбыцца суд над Піначэтам?

СШ: Калі чалавек зьдзяйсьняў злачынствы, ён павінен несьці пакараньне. Ніводнае злачынства ня мусіць быць непакаранае. Сваякі ахвяраў абсалютна законна патрабавалі пакараньня Піначэта, але гэта мусіць тычыцца толькі тых забойстваў, якія былі падчас ягонага кіраўніцтва. Караць за падзеі пераварота няма падставаў, бо Піначэт фактычна выратаваў краіну ад грамадзянскай вайны.

«НН»: Што сёньня чылійцы думаюць пра былога дыктатара?

СШ: Цяперашняе пакаленьне чылійцаў выхаванае на прынцыпах, што адстойваў Піначэт. Прынцыпах панаваньня закону і справядлівасьці. Піначэт сышоў, а ягоныя прынцыпы засталіся. Таму я не дзіўлюся, што столькі людзей цяпер у Чылі выходзіць на вуліцы з плякатамі кшталту «Я вітаю цябе, мой генэрал!», ці «Дзякуй, мой генэрал». Піначэт не памёр на сваёй пасадзе, ён не пакінуў сына на кіраўніцтве. Любімымі словамі дыктатара былі: «У кожнай краіны свой асьпірын». У Чылі ён быў менавіта такім.

«НН»:Ці існуюць пэўныя паралелі між Чылі часоў Піначэта і сёньняшняй Беларусьсю?

СШ: Мне здаецца, што яны не да месца. Мы жывём у розных сусьветах. У Беларусі правы на ўласнасьць, на свабоднае волевыяленьне ніколі не абмяроўваюцца ў грамадзтве, нібыта яны ёсьць, але ніхто пра іх не гаворыць. У Чылі нашмат было болей пагрозаў правам чалавека, але пра іх заўсёды гаварылі, іх спрабавалі адстаяць і абараніць, нават такім шляхам, як гэта рабіў Піначэт.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Сяргей Шабельцаў

нарадзіўся ў 1972 у Менску. Кандыдат гістарычных навук. Дасьледчык краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру