Апошнія дзесяць гадоў Беларусь атрымлівала танныя нафту й газ узамен за васальную вернасьць Маскве і, калі ўжыць мэтафару філёзафа Валера Булгакава, «продаж нацыянальнага гонару», г.зн. добраахвотную русіфікацыю. Нібыта добраахвотную. Цяпер ранейшай схеме прыходзіць канец. Масква пачынае лічыць кожную капейку. Гэта вытлумачальна: у той дэмаграфічнай і культурнай сытуацыі, у якой апынулася Расея кожны згублены рубель можа азначаць страту шанцу ўратаваць фэдэрацыю ад развалу.

Але як адрэагуе на сытуацыю беларускае кіраўніцтва?

Канец лафы можа стаць канцом мытнага саюзу, саюзнай дзяржавы, а пасьля і вайсковага саюзу.

А можа прывесьці да новых капітуляцыяў: здачы «Белтрансгазу», стварэньня парлямэнту саюзнай дзяржавы. Карацей, да паўтору рэакцый на эканамічны крызіс 90-х, калі гаспадарчая і сілавая эліта ня бачыла іншага выйсьця, як прадацца Расеі. Паколькі культурны сувэрэнітэт ужо прададзены, маем яшчэ ў кішэні палітычны і эканамічны. А гэта можа быць фатальна для незалежнасьці.

Тым больш што і ў першым, і другім варыянце нас чакае канец сацыяльнай стабільнасьці. Заможная Беларусь патрэбная Крамлю гэтаксама, як заможная Мардва.

Беларусы моцна ганарыліся эканамічным ростам, заробленым цаной продажу ўласнага гонару. Плітачкай, газонамі і палацамі. Спыненьне нафтагазавых датацый праверыць беларускую эліту на сьпеласьць. Або вы будуеце нацыю, або думаеце, як бы найдаўжэй утрымацца на пасадзе. Няможна быць Ататуркам і Вячаславам Францавічам Кебічам адначасова.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру