Суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава вінаватым па арт. 17.1 КоаАП (дробнае хуліганства) і пакараў яго адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 10 сутак. Рашэнне вынесла суддзя Вольга Комар

(17 лютага яна прыгаварыла да чатырох гадоў пазбаўлення волі Васіля Парфянкова — абвінавачванага па справе аб масавых беспарадках. Еўрасаюз унёс яе ў спіс неўязных. — БелаПАН.).

Як паведаміла старшыня віцебскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Карач, сведкамі нецэнзурнай лаянкі Левінава на судзе выступалі два міліцыянеры, якія яго і затрымлівалі. Гэтыя ж міліцыянеры выступалі сведкамі на судзе супраць Карач і Паўла Станеўскага. 19 красавіка пры затрыманні міліцыянеры сказалі Левінаву, што ён падазраецца ў дачыненні да тэракта ў мінскім метро. «Сёння на судзе гэтае пытанне нават не ўздымалася», — адзначыла Карач.

Сёння ж суд Фрунзенскага раёна адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу ў дачыненні да актывіста грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Паўла Станеўскага. Як паведаміў БелаПАН актывіст, яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы (арт. 17.1 КоАП). На судзе міліцыянеры-сведкі блыталіся ў паказаннях. Адзін гаварыў, што актывіст лаяўся матам да затрымання, другі — што пасля. «Міліцыянеры хлусяць, толькі я не ведаю, з якой мэтай. Яны ведаюць, што ў выніку я магу атрымаць да 15 сутак арышту, і ўсё роўна хлусяць», — заявіў Станеўскі.

***

Як паведамлялася раней, 19 красавіка ў кватэру дачкі праваабаронцы Валерыя Шчукіна ў Мінску, дзе ён разам з сябрамі і сваякамі адзначаў свой дзень нараджэння, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Праверыўшы дакументы ў прысутных, яны пайшлі, але затым вярнуліся і ўсіх затрымалі. Ва УУС Фрунзенскага раёна было дастаўлена 18 чалавек. Іх апыталі, у некаторых узялі адбіткі пальцаў, а таксама сфатаграфавалі. У дачыненні да Вольгі Карач, Паўла Левінава, журналіста Алега Баршчэўскага і Паўла Станеўскага былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.

20 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Алега Баршчэўскага вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і пакараў яго арыштам тэрмінам на 10 сутак. Вольга Карач таксама абвінавачвалася ў нецэнзурнай лаянцы і была аштрафавана на 20 базавых велічынь (700 тыс. рублёў).

«Наша затрыманне супрацоўнікамі міліцыі і сённяшні суд — гэта штосьці неверагоднае, лагічна гэта растлумачыць нальга», — лічыць Карач. Паводле яе слоў, міліцыянеры сведчылі ў судзе, што яна 19 красавіка выказвалася нецэнзурна і аказвала фізічнае супраціўленне супрацоўнікам міліцыі.

«Мяне суткі пратрымалі без ежы ў халодным памяшканні, а затым даставілі ў суд, склаўшы проста смешны пратакол — што нібыта я зладзіла бойку з супрацоўнікамі міліцыі і восем міліцынераў не маглі са мной справіцца. Калі верыць пратаколам міліцыі, то дом дачкі Шчукіна ў адзін дзень ператварыўся ў нейкі крымінальны асяродак: я б’юся з міліцыяй, у гэты час мае калегі лаюцца матам і таксама б’юцца», — сказала Карач.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?