Выступаючы сёння з пасланнем да народа і парламента, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў працу новага складу ўрада.
«Фармуючы новы склад урада, прызначаючы новага прэм’ер-міністра, даўшы практычна поўную волю для ініцыятывы, я разлічваў, што яны без разварушвання, аператыўна і эфектыўна пакажуць свае здольнасці. Але пакуль гэты працэс зацягнуўся. Хоць я папярэджваў, што ў новых умовах кожнаму трэба працаваць напружана і адказна — гэта аксіёма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што дагэтуль Беларусь праводзіла вельмі мяккую грашова-крэдытную палітыку. «Крэдытавалі і прадпрыемствы, і насельніцтва па самых розных кірунках. Выдавалі крэдыты на ўсё: і на жыллё, і на спажывецкія патрэбы, і на разнастайныя іншыя мэты», — сказаў ён.

Адначасова ў людзей з’явілася пэўная залішняя маса рублёў, людзі пайшлі купляць валюту. «І вы бачыце, што з гэтага атрымалася», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Цяпер, падкрэсліў ён, трэба «выйсці на раўнаважны валютны курс». «Эканамічнаму блоку краіны неабходна ліквідаваць у самыя кароткія тэрміны дыспрапорцыю ў эканоміцы, назапашаную ў перыяд сусветнага крызісу і далейшага аднаўлення. Выхад на раўнаважны валютны курс», — сказаў Лукашэнка.

Урад і Нацбанк, дадаў ён, абавязаны «спакойна, сістэмна, без усякай надзвычайшчыны, выразна і даступна тлумачыць людзям свае дзеянні, не ствараючы непатрэбнага ажыятажу».

Прэзідэнт нагадаў: «На нарадзе [15 красавіка] некаторыя прадстаўнікі ўрада казалі, што трэба адзін-два дні на падрыхтоўку, на інфармаванне насельніцтва. Ну, думаю, добра, падрыхтуйце. Сам не ўмешваюся ў гэтыя працэсы. І гляджу гэта „падрыхтоўка“ сёння схілілася да таго, што — „гэта мы падрэжам, гэта мы рабіць не будзем, вось, разумееце, ёсць рынак, попыт-прапанова, гэта ўсё там, гэта не наша справа“… Міхаіл Уладзіміравіч [Мясніковіч], нам такі ўрад у краіне не патрэбны, калі гэта так. Таму вы ўжо, калі ласка, рабіце ўсё так, каб было нармальна. А якімі метадамі — я ўжо гаварыў — цывілізаванымі метадамі, усе яны добрыя, я вас у гэтым плане не стрымліваю. А вось проста абрэзаць усё, „і гэта рабіць, і як запытаюць — так і прадамо валюту“ — не трэба, так справа не пойдзе. Гэта толькі ў падручніках, якія нам прывозяць з Захаду, напісана. Але жыццё ніколі не прымала такія чыстыя тэорыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?