Мітынг, прысвечаны25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, забаронены салігорскімі ўладамі. У афіцыйным лісце выканкаму прычынай адмовы пазначана «адсутнасць яснасці ў вызначэнні формы правядзення масавага мерапрыемства».
Заяўнік акцыі Уладзімір Шыла называе рашэнне выканкаму чарговай адпіскай:
— Рэч у тым, што заяўку я афармляў на бланку аб правядзенні пікетавання, а ў мэце мерапрыемства пазначыў як мітынг у колькасці да 100 чалавек. Ды і не ў гэтым справа. Калі б улады імкнуліся забяспечыць жыхарам гораду іх права на свабоду масавых мерапрыемстваў, дык гэтыя фармальнасці нават не паўставалі б. Але ж у іх «то панос, то залатуха», то рэканструкцыя стадыёна, то адсутнасць яснасці ў вызначэнні формы. Як гаварыцца жаданне — сто дарог, нежаданне — сто прычын.
Нагадаем, што на мінулым тыдні салігорскія ўлады забаранілі правядзенне пікетаў пад лозунгамі «За стабільнасць» і «За нашага Прэзідэнта», а таксама пікет супраць забароны пікетаў. У сакавіку быў забаронены шэраг мерапрыемстваў прысвечаных Дню Волі.





