Усё большая апантанасць чысцінёй можа быць звязаная з тэмпамі росту дэпрэсіі, лічаць навукоўцы. На іх думку, ліквідацыя бактэрый і вірусаў насамрэч робіць імунную сістэму чалавека толькі слабейшай, а гэта, у сваю чаргу, уплывае на функцыянаванне мозгу,піша The Telegraph.
Як высветлілі навукоўцы з Атланты (штат Джорджыя), слабая імунная сістэма, як правіла, празмерна востра рэагуе на пыл і бруд, выклікаючы запаленне або алергію, якія могуць запаволіць выпрацоўку мозгам некаторых хімічных рэчываў, у тым ліку «гармону шчасця» сератаніну, і выклікаць дэпрэсію.
У якасці пацверджання яны прывялі статыстыку, згодна з якой у развітых краінах узровень дэпрэсіі значна вышэйшы, чым у бедных. Так, напрыклад, у Вялікабрытаніі на дэпрэсіі пакутуюць 10% насельніцтва, у той час як у Нігерыі — толькі 1%, адзначаюць навукоўцы.
У даследаванні ўзялі ўдзел 27 добраахвотнікаў. Яны прымалі прэпараты для лячэння гепатыту С, які выклікае аналагічныя рэакцыі на алергію.
«Мы лічым, што імунная сістэма з’яўляецца прычынай дэпрэсіі, — заявіў адзін з даследнікаў — доктар Эндру Мілер. — Як людзі развіваюцца і растуць, развіваецца іх імунная сістэма, таму калі яны падвяргаюцца ўздзеянню большай колькасці бактэрый і паразітаў, яны здольныя лепш кантраляваць запаленне». «Цяпер навакольнае асяроддзе нашмат чысцейшае і больш гігіенічнае, — адзначыў ён, — таму нашая імунная сістэма ніколі насамрэч не ведае, як змагацца з інфекцыямі».





