Гаспадарчы суд Мінска разгледзіць пазовы, што тычацца арэнды цэнтральнага офіса Партыі БНФ, 4 і 10 мая,паведаміў адказны сакратар партыі Уладзімір Лабковіч.
«Сёння на папярэднім пасяджэнні суда было вырашана, што іск ЖРЭА адносна высялення партыі з офіса будзе разгледжаны 4 мая, а іск партыі на адмову ў прадаўжэнні арэнды офіса — 10 мая», — паведаміў Лабковіч.
Нагадаем, 31 сакавіка завяршыўся тэрмін арэнды памяшкання па праспекце Машэрава, 8, у якім з 1993 года знаходзіцца цэнтральны офіс партыі. ЖРЭА Савецкага раёна Мінска прадаўжаць дагавор адмаўляецца. Партыя спрабуе аспрэчыць рашэнне камунальнікаў у судзе. У адказ ЖРЭА падало ў суд сустрэчны іск аб высяленні партыі з офіса.





