«У пытаньні ацэнкі палітычнага рэжыму ў Беларусі Ўкраіна поўнасьцю салідарная ў сваёй пазыцыі з палітычнымі рашэньнямі ЭЗ, АБСЭ, дэмакратычнай супольнасьці. Гэтая пазыцыя цьвёрдая і адназначная», – заявіў сёньня прэзыдэнт Украіны ў часе адказаў на пытаньні наведнікаў прэзыдэнцкага сайту.– Мы будзем весьці працу ў такім кірунку, каб дасягнуць сваімі дзеяньнямі дэмакратычных зьменаў у Беларусі».

«Што да нашых эканамічных стасункаў, яны ідуць сваёй чарадой, узаемны таваразварот перавышае 5 мільярдаў даляраў. Гэта немалы таварны зварот. Тыя кантакты, якія праводзяцца, маюць на мэце толькі забесьпячэньне прагматычных абставінаў супрацоўніцтва ўкраінскага і беларускага бізнэсу», – паведаміў Юшчанка.

Разам з тым, ён не пакінуў без увагі і шэраг праблемных пытаньняў ва ўзаемінах дзьвюх краінаў.

«На дзяржаўным узроўні мы ставім пытаньне – гэтаму была прысьвечаная апошняя сустрэча – адносна дэлімітацыі й дэмаркацыі нашай мяжы зь Беларусьсю, урэгуляваньня праблемы ўкраінцаў-працаўнікоў Чарнобыльскай станцыі, якія штодня праходзяць пашпартны кантроль пры пераезьдзе з Славутыча на станцыю», – патлумачыў украінскі прэзыдэнт.

«І шэраг праблемаў, якія склаліся гістарычна. Гэта вялікі пералік пытаньняў. які мае статус сёньняшняга, у стасунках зь Беларусьсю», – дадаў Юшчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?