На працягу апошніх 20 год каля 10 мільёнаў дзяўчатак у Індыі былі забітыя адразу ж пасьля нараджэньня альбо ў выніку зробленага аборту, паведаміла ў чацьвер міністарка па справах жанчынаў і дзяцей Індыі. «Гэтыя дадзеныя шакуюць», – дадала Рэнука Чаўдхуры падчас сэмінару ва ўнівэрсытэце Дэлі.

З рапарту UNICEF вынікае, што Індыя магла б мець штодзень на 7 тыс. дзяўчынак болей, калі б жанчыны не рабілі аборт пасьля таго, як даведваюцца пра пол дзіцяці, альбо не забівалі нованароджаных адразу ж пасьля нараджэньня.

У шмат якіх традыцыйных індыйскіх сем’ях сыны цэняцца болей за дочак, бо апошніх трэба пры замужжы забясьпечыць каштоўным пасагам, які можа нават разарыць сям’ю маладой.

Бацькі закопваюць дзяўчатак жывымі

Зьніжэньне колькасьці народжаных дзяўчатак спрычыняецца да таго, што ў некаторых рэгіёнах краіны недахоп жанчынаў вельмі выразны, а вялікая частка мужчынаў застаюцца бабылямі. У штаце Хар’яна вядомы выпадак чатырох братоў, якія ажаніліся з адной жанчынай.

«Мы страцілі дзесяць мільёнаў дзяцей на працягу 20 год. Іх забілі бацькі», – сказала Чаўдхуры. Міністарка дадала, што ў некаторых штатах нованароджаных забіваюць, насыпаючы ім пясок альбо тытунь у вусны і ў нос, каб удушыць іх. «Робяць гэта ў момант, калі дзяўчынка адчыняе рот, каб упершыню глынуць паветра. Бацькі таксама закопваюць дзяцей жыўцом», – паведаміла міністарка.

Забойства дзяўчынак больш распаўсюджанае сярод багатых

Забойства дзяўчынак больш распаўсюджанае сярод багатых i лепш адукаваных пластоў грамадзтва.

Фаварызацыя сыноў сказіла натуральныя прапорцыі палоў. У 2001 г. у штаце Пэнджаб, дзе жывуць сыкхі, на тысячу хлоцаў прыпадала 798 дзяўчынак. Аборты ў Індыі легальныя, аднак нельга іх рабіць з прычыны полу. Нават ёсьць закон, які мае прадухіляць гэтыя практыкі. Згодна зь ім, лекарам не дазваляецца дасьледаваць цяжарных жанчынаў з мэтай вызначэньня полу дзіцяці.

«Мы болей спачуваем тыграм, людзі змагаюцца за правы бяздомных сабак на вуліцах, а зь іншага боку мы маем грамадзтва, якое не па-людзку прыцясьняе дзяўчынак», – сказала міністарка Рэнука Чайдхуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?