«Ствараючы паводку інфармацыі задарма, капіталізм зусім ня дбае задарма вучыць працаваць з гэтай стыхіяй». Прамова Данілы Жукоўскага на ўручэньні прэміі часопісу «ARCHE» «За сумленнае слова».

Шаноўнае спадарства!

Ад першага дня знаёмства з часопісам я ведаў, што хачу сказаць прыхільнікам «ARCHE», але, калі нагода зьявілася, паўстала пытаньне, як гэта зрабіць. З чаго пачынаць. Задачу спрасьціў спадар Булгакаў, калі ў часе нядаўняй інтэрнэт-канфэрэнцыі ва ўласьцівай яму правакацыйнай манеры абрынуўся на вялікую расейскую культуру ды абвясьціў, што інтэлектуалістыка робіцца для эліты. Дзякуючы яму я магу скарыстаць з улюбёнага прыёму – крытыкі.

Што такое эліта? Людзі, якія маюць вагу ў вачах грамадзтва – настолькі вялікую, што ўжо не патрабуюць даводзіць публічна, што маюць вагу. Людзі, якія нясуць (і адчуваюць!) адказнасьць за тое, што адбываецца, але робяць справаздачу толькі перад роўнымі сабе.

Сумняюся, што інтэлектуалістыка прызначаная для іх. Яна патрабуе часу і ўвагі, але які, я пытаюся, вынік? Ці дапамагае гэткае чытаньне, ці спрашчае прыняцьце важкіх рашэньняў? Хутчэй не: ускладняе малюнак, дадае сумненьняў, пашырае межы праблемаў. Ня столькі дапамагае ў канкрэтных пытаньнях, колькі ўзбагачае сьветагляд.

Натуральны адрасат гэткіх твораў – людзі з пэўным узроўнем культуры і спэцыфічным сьветаўспрыманьнем, калі вялікая каштоўнасьць надаецца дакладнаму веданьню. А гэтая жарсьць часьцей ахоплівае тых, хто мае абмежаваны доступ да інфармацыі й не бярэ удзелу ў прыняцьці важкіх рашэньняў. Тых, каму даводзіцца толькі здагадвацца.

Інтэлектуальны тэкст паўстае з агульнадаступных ведаў, але дорыць адчуваньне эксклюзіўнасьці. Эліта не патрабуе гэткага падарунку.

Кола патэнцыйных чытачоў «ARCHE» і падобных да яго выданьняў большае за эліту, хаця й не настолькі «арыстакратычнае». Прычына – ствараючы паводку інфармацыі ледзь не задарма, капіталізм зусім ня дбае задарма вучыць працаваць з гэтай стыхіяй. Тое, што колькасьць – яшчэ ня якасьць, даводзіцца спасьцігаць. А гэткія цяжкасьці спрыяюць цікаўнасьці да тых выпадкаў, калі нехта больш-менш сумленна спрабуе нешта растлумачыць.

Сама інтэнцыя – старанна тлумачыць, падрабязна абмяркоўваць, усебакова разглядаць – уяўляе вялікую самастойную каштоўнасьць. У адрозьненьне ад савецкіх часоў з жорсткімі межамі дазволенага, каштоўнасьць гэтая ссоўваецца з ідэалёгіі на мэтадалёгію. У той час інтэлектуальныя тэксты вучылі найперш сьмеласьці і незалежнасьці меркаваньняў, сёньня яны найперш фармуюць крытэры аб’ектыўнасьці й добрасумленнасьці.

Беларускі дыскурс перасычаны спасылкамі на элітарнасьць. З пазыцыяў добрасумленнасьці й аб’ектыўнасьці я прапанаваў бы зьвярнуць увагу на патрэбу дэгераізацыі.

На мой погляд, неабходна больш казаць пра нацыянальны характар беларуса. Гэта, напэўна, узбурыць як прыхільнікаў рамантычнага стэрэатыпу ад Караткевіча – талерартнага эўрапейскага беларуса, гэтак і тых, хто залічвае сябе да шэрагаў гэтага народу, ня тлумячы галавы летуценьнямі пра Вялікае Княства Літоўскае і Берасьцейскую унію. Але усё вастрэй адчуваецца неабходнасьць даць характарыстыку сучасьніку, які штодня ўчынкамі пацьвярджае вернасьць шляху, якім рухаецца наша грамадзтва апошнія 15 год. Беларусу, пра якога напісаў Пётра Рудкоўскі ОП у артыкуле «Ад ідэнтычнасьці да саборнасьці» («ARCHE». 2006. №1–2): «Маем справу з маўклівасьцю, за якой хаваецца фундамэнтальная неталерантнасьць і агрэсія ў стасунку да «іншых». Беларусу, абыякава-варожаму да лібэральных уяўленьняў пра культуру і дэмакратыю, але рашучаму ў паляпшэньні свайго дабрабыту.

Акрамя захапленьня маляўнічай гісторыяй, трэба шукаць адказы на пытаньне, якое гэтак хораша сфармуляваў герой «Лябірынтаў» В.Ластоўскага: «Чаму ж усё гэта заняпала, чаму забыта?» Спадчына ВКЛ і Рэчы Паспалітае мае свой цёмны бок, нібы тая сіла ў сэрыяле «Зоркавыя войны». Пара, на мой погляд, больш зьвяртаць увагі на тое, як імкненьне да ідэалаў залатой вольнасьці ператваралася ў непавагу да пісанага закону ды гатоўнасьць прыніжацца перад кожнай намацвальнай уладай, недавер да дзяржаўных інстытуцыяў прывучаў да шэрай эканомікі ды кліентальных адносінаў, а непрызнаньнем аўтарытэтаў выхоўвалася схільнасьць да самаразграшэньня й бязьмежны маральны рэлятывізм.

Нарэшце, неабходна гаварыць пра прыдатнасьць інтэлектуалаў да абранай ролі – праз ацэнку іхняга творчага даробку. Хаця праблема гэта больш камэрная, але адлегласьці паміж аб’ектамі больш сьціплыя, адпаведна ўзровень жарсьцяў нашмат большы. Пакуль мы будзем бачыць праблему ў вялікай расейскай культуры і сарамліва – і вельмі па-беларуску – не заўважаць, што народны паэт Беларусі ледзьве не гадзіну, нібы так і трэба, выслухоўвае камплімэнты, ад якіх пачырванеў бы халіф багдадзкі, выступы, перад якімі блякне прамова незабыўнага Леаніда Ільліча Брэжнева перад уласным помнікам, цяжка спадзявацца, што мы выйдзем зь лябірынту.

Усё гэта ня менш, а больш важна, чым выкрутасы бягучай палітыкі, бо на гэтым грунтуюцца ўсе сацыяльныя зьявы. Тут змаўчаць і застацца на пазыцыях інтэлектуалаў – немагчыма. Бо калі інтэлектуальныя тэксты вабяць перш за усё мэтадалягічна, цікавасьць і давер да іх ці ня цалкам залежаць ад пасьлядоўнасьці аўтара.

Дзякую за ўвагу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0