Кур’ер падпольля як мага шыфруецца, а галоўны правадыр выступае пад сваім імем? Яўген Усошын ставіць пад сумнеў факты з публікацыі «Львоўская місія «Язафата» (№34).

Захапленьне кансьпіралёгіяй, падпольлем, тэорыяй змоваў часам заводзіць дасьледчыкаў у такія сьляпыя вулачкі, зь якіх цяжкавата выбрацца назад, на шырокі прастор неабвержных фактаў. Зрэдку здараецца такое і са сталымі навукоўцамі. Асабліва калі тэма панадная й багатая на спрэчныя зьвесткі. І, паводле лёгікі жанру, выходзіць, што, напрыклад, «НН» – гэта орган сусьветнае закансьпіраванае лібэральнае сеткі; або прабабуляй вядомага літаратара Пятра Васючэнкі, выяўляецца, была Кура‑Шчабятура (нездарма ён яе так часта згадвае ў сваіх казках)! І ці мала яшчэ што! На жаль, менавіта сьляпой вулачкай дасьледаваньня можна назваць артыкул «Львоўская місія «Язафата», надрукаваны ў «НН» за подпісам шаноўнага і шанаванага мною Сяргея Ярша і таямнічага Сержука Горбіка.

Уся, як той казаў, доказная база грунтуецца ў вышэйпамянёным артыкуле на таямнічым дакумэнце, знойдзеным у архіве неназванага беларускага эмігранта. Узьнікае пытаньне: калі аўтары пералічваюць усіх, у каго на руках пабываў дакумэнт, чаму не згадаць і апошняга ўладальніка? Гэта неабходная цаглінка ў вызначэньні аўтэнтычнасьці дакумэнту. Пазбаўленьне ананімнасьці яшчэ больш важнае, бо дакумэнт той – рукапісная копія! Хто яе зрабіў? Хто знайшоў дакумэнт – на жаль, не паведамляецца.

Зазначым: аўтарам гэтага дакумэнту ёсьць таямнічы агент «Язафат», але ў артыкуле не пазначаны адрасат, да каго скіраваны ліст. Дакладней, пазначаны: В.Гадлеўскі, і нават дата ёсьць. Але гэта, прабачце, падобна да жарту пра Штырліца, які ідзе Бэрлінам у будзёнаўцы і з парашутам за плячыма. Выходзіць: кур’ер падпольля шыфруецца, а галоўны правадыр выступае пад сваім імем?

Трошкі пра Язафата і дакумэнт. З найпрасьцейшага тэкстуальнага аналізу артыкулу вынікае: словы Язафата – словы, узятыя ў дзьвюхкосьсе. Вядомая усім з маленства простая мова. Цяпер разгледзім перадапошні абзац артыкулу. У ім ідзецца пра захады, якія зрабілі гітлераўцы, калі даведаліся пра быццам бы падрыўны характар візыту а.А.Неманцэвіча ў Львоў: «у менскае гестапа і СД з райхкамісарыяту «Ўкраіна» паступіла інфармацыя, што падчас працы Львоўскага сабору экзархаў…», далей: «Тады з Бэрліна прыйшла санкцыя на допыт, а калі спатрэбіцца – і арышт Неманцэвіча». Калі ўсе гэтыя зьвесткі знаходзяцца ў дакумэнце, дык выходзіць, што: або дакумэнт мае двух аўтараў (бо не прыпішаш жа агенту Язафату, фактычна кур’еру, такое дакладнае веданьне ўнутранай дакумэнтацыі гітлерцаў), або гэта зусім не рэляцыя Язафата зь ягонай паездкі ў Львоў (як можна зразумець з кантэксту). Пытаньне да аўтараў артыкулу: чым ёсьць дакумэнт? Бо калі гэты дакумэнт – рэляцыя агента Язафата, дык адкуль інфармацыя пра ўнутраную гітлераўскую карэспандэнцыю? Зь якой крыніцы? Чаму яна не пазначаная? І навошта выдаваць рэляцыю Язафата за нешта сэнсацыйнае, што пралівае сьвятло на прычыну арышту Неманцэвіча, калі ёсьць нейкія іншыя вядомыя аўтарам дакумэнты, якія гавораць пра тое самае?

Трэба нагадаць аўтарам сэнсацыйнай знаходкі яшчэ некалькі рэчаў: навесну 1942 г. С.Бандэра ўжо паўгоду сядзеў у канцлягеры, а не ачольваў АУН. Рэальнасьць таемнае паездкі ці то вячэрняй, ці то начной са Львова досыць сумнеўная, бо ў Львове, дзе змагаюцца два вельмі моцныя і актыўныя падпольлі – украінскае і польскае, – кантроль нямецкіх сіл бясьпекі за кожным перасоўваньнем быў стакроць мацнейшы.

Унутраныя супярэчнасьці артыкулу часам гучаць як кпіна з уважлівага чытача. У артыкуле падаецца, што паводле інфармацыі з райхскамісарыяту «Ўкраіна» да менскага «СД і гестапа» «паведамлялася, што Неманцэвіч пагадзіўся выконваць ролю сувязнога паміж групай Гадлеўскага і АУН…». Цяпер скажэце мне: навошта гітлераўцам «сачыць у Альбярціне» за а.А.Неманцэвічам і арыштоўваць, каб атрымаць зьвесткі пра Гадлеўскага, якога, паводле артыкулу, «ён ня выдаў», калі гітлераўцам і так вядома, хто такі В.Гадлеўскі? Выходзіць: Неманцэвіч (арыштаваны ў жніўні 1942 г.), які ўсяго толькі пасярэднік у перамовах, арыштаваны нашмат раней за лідэра падпольля В.Гадлеўскага (дата арышту – 24.12.11942),, які ходзіць яшчэ паўгоду на волі. І немцам ужо вядома, што ён лідэр падпольля!

Але і гэта ня самае слабае месца ў артыкуле. Усю карціну пад маляўнічай назвай «Айцец Антоні Неманцэвіч (не забывайма і пра невядомага Язафата) – агент беларускага падпольля» псуе пэйзаж, то бок гістарычная праўда. Цытата з калектыўнага артыкулу: «Экзарх Антон Неманцэвіч ня выдаў ані Гадлеўскага, ані сябра Рады Экзархату і адначасова сябра БНП па мянушцы «Язафат» (які, паводле аўтараў артыкулу, езьдзіў у Львоў з а.Неманцэвічам)». Згаджуся, ня выдаў. Але толькі таму, што выдаваць нікога не было патрэбы. Немцы выдатна ведалі, хто езьдзіў з а.Антоніем у Львоў. Дамо слова паплечніку а.Неманцэвіча, сябру Рады Экзархату а.Ляву Гарошку: «Экзарх… (прапушчана мною. – Я.У.) хацеў пабачыцца зь мітр.Шэптыцкім і парабіў усе магчымыя захады перад нямецкімі ўладамі, каб атрымаць пропуск на падарожжа цягніком у Львоў. Слонімскі аддзел Самапомачы падтрымаў захады экзарха. Нямецкая ўлада, відаць, пастанавіла выкарыстаць гэтае падарожжа для сваіх скрытых мэтаў і, замест пропуску на чыгунку, даюць экзарху дазвол на падарожжа ў Львоў і быццам выяў свае «прыхільнасьці», аўто зь нямецкім шофэрам… Экзарх прыняў прапанову падарожжа аўтам і адбыў яго ў ліпені 1942 году» (Гарошка Л. Айцец Антон Неманцэвіч // Божым шляхам. 1964. № 8; перадрук у: Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. Жыцьцяпісы, мартыралёгі, успаміны. – Менск–Мюнхэн, 1999). Выходзіць, ня трэба нікога арыштоўваць, дапытваць, катаваць – усё проста: калі вышэйпамянёны Язафат быў бы разам з а.Неманцэвічам ў Львове, яны б сядзелі ў суседніх камэрах.

На гэтым можна было б і скончыць. Усё ясна. Калі нейкі дакумэнт знойдзены, то ён мае малую гістарычную вартасьць. Мусім усё‑ткі верыць паплечніку і супрацоўніку экзарха, а не рукапіснай копіі невядомага аўтарства, недзе кімсьці знойдзенай. Можна і не прыгадваць спадарам С.Горбіку і С.Яршу, што сьвятары любое канфэсіі падчас нямецкае акупацыі без дазволу мясцовае ўлады не маглі выехаць за межы ваколіц свае парафіі, таму вылічыць Язафата, які, паводле легенды дакумэнту (артыкулу?), быў у Львове шэсьць дзён, нескладана, і не было ніякае патрэбы арыштоўваць пасярэдніка а.Антонія, калі сам агент трапіўся б вельмі хутка.

Карціць толькі запытаць у аўтараў: з чаго можна меркаваць, што айцец Вацлаў Аношка схаваўся пад мянушкай Язафат? Ці ёсьць факты, зачэпкі? Бо вынікае з артыкулу толькі адно: адбылася мэтамарфоза зь людзьмі. Вацлаў Аношка, бескарысьлівы душпастыр, сапраўдны духоўны бацька для вернікаў, стаўся палітычным змоўнікам, хоць і як быццам сваім, нашым. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, які выдаў багата пастырскіх адозваў з асуджэньнем гвалту, учыненага ў палітычных мэтах (яны былі прысьвечаныя менавіта дзейнасьці АУН), стаў мэдыятарам у падрыхтоўцы хаўрусу падпольшчыкаў. Ён, мудры пастыр, які ўсё жыцьцё клапаціўся перадусім пра Царкву, і ведаючы, што ў Беларусі немцы легалізавалі заснаваны ім самім грэка‑каталіцкі экзархат (Ён адзіны з чатырох, створаных мітрапалітам А.Шаптыцкім, быў легалізаваны нямецкай уладай. Астатнія экзархі кіравалі сваімі экзархатамі падпольна зь Львова, бо не маглі нават знаходзіцца на тэрыторыях, за якія адказвалі), стаўся, як вынікае з артыкулу, зусім неадказным рызыкантам. Ён, невядома зь якой рацыі, здольны кінуць жменьку сьвятароў‑беларусаў, якія абслугоўвалі на той час экзархат, і вернікаў грэка‑каталікоў у пекла палітычнага перасьледу. Канец канцоў, экзарх Неманцэвіч, які ўсё жыцьцё імкнуўся не мяшацца ў палітыку, якога абыходзіла перадусім ідэя еднасьці Царквы і еднасьці свайго народу ў гэтай Царкве, зрабіўся, паводле С.Горбіка і С.Ярша, палітычнай ахвярай.

І апошняе. Дужа карціць пабачыць хаця б копію з копіі дакумэнту, на які спасылаюцца аўтары артыкулу!

Яўген Усошын скончыў гістфак БДУ, абараніў магістарскую працу «Жыцьцё і дзейнасьць айца Антонія Неманцэвіча (1893–1943)».


На нядаўняй прэзэнтацыі ў Маладэчне кнігі «Галасы разбуджаных птушак» краязнаўца Міхась Казлоўскі сказаў: «Цэлыя пласты нашай гісторыі адсутнічаюць у архівах. Даводзіцца зьвяртацца да людзей – жывых сьведкаў. Але людзкая памяць недасканалая. Таму я па некалькі разоў прыяжджаў і распытваў…І толькі калі зьвесткі сыходзіліся, запісваў для кнігі».

У выпадку зь місіяй «Язафата» зьвесткі таксама сышліся. Пішучы артыкул, мы, зразумела, грунтаваліся ня толькі на рукапіснай копіі дакумэнту. Мы ўжо згадвалі пра аповед гераманаха‑студыта а.Гедыёна. Таксама атрымалі шэраг сьведчаньняў удзельнікаў беларускага супраціву часу вайны, былога супрацоўніка Баранавіцкага СД.

Спадар Я.Усошын патрабуе прозьвішчаў і яўкі – нібы не разумее, як ставіцца сёньняшняя ўлада да беларусаў, што ваявалі супраць бальшавізму ў 1940–50‑я. Людзі жывуць на Захадзе, маюць іншыя прозьвішчы, ім ужо па 85–90 гадоў, ні пра якую легалізацыю гаворкі пакуль ісьці ня можа.

Мусім канстатаваць, што сп.Усошын, прачытаўшы артыкул, не разабраўся, дзе тэкст аўтараў, а дзе цытуецца дакумэнт. Зразумела, у справаздачы «Язафата» няма прозьвішча Гадлеўскага. Адрасат, а таксама падрабязнасьці сустрэчаў В.Гадлеўскага, А.Неманцэвіча і «Язафата» сталі вядомыя нам ад удзельніка беларускага супраціву, прозьвішча якога назваць пакуль ня можам (па вайне ён быў камандзірам беларускага партызанскага атраду ў Белавескай пушчы, цяпер жыве ў Заходняй Нямеччыне).

Мусім адказаць яшчэ на некалькі закідаў сп.Усошына. Знаходжаньне С.Бандэры ў нямецкім канцлягеры не замінала актыўнай дзейнасьці АУН. Калі мы пішам пра «бандэраўскую АУН», дык падкрэсьліваем, з кім менавіта ў той час шукалі кантакту беларусы (бо была яшчэ мельнікаўская АУН). Вывезьці некалькі сьвятароў зь Львову за 40 км у мястэчка Уніў для мітрапаліта А.Шаптыцкага не было праблемай. Ён туды перапраўляў з гораду па 5–10 габрэяў! Няпраўда, што Шаптыцкі ня браў удзелу ў палітычным жыцьці і не спрыяў дзейнасьці АУН‑УПА – за апошняе дзесяцігодзьдзе ва Ўкраіне пра гэта напісана шмат.

Калі беларускі супраціў быў зацікаўлены ў львоўскай місіі ўніяцкіх сьвятароў, дык праз сваіх людзей у адміністрацыі і паліцыйных органах мог здабыць дазвол для паездкі. Мы не сьцьвярджалі, што а.Неманцэвіч і «Язафат» ехалі ў Львоў разам. Калі мы адзначылі, што а.Неманцэвіч ня выдаў «Язафата», дык мелі наўвеце, што ня выдаў сутнасьці яго місіі, бо факт яго паездкі ў Львоў, сапраўды, ня быў таямніцаю. Дакумэнты баранавіцкага СД, якія ўтрымліваюць згадку пра атрыманьне апэратыўнай інфармацыі аб палітычных перамовах айца А.Неманцэвіча з прадстаўнікамі АУН(б) пры пасярэдніцтве мітрапаліта А.Шаптыцкага, захаваліся і цяпер перахоўваюцца ў адным зь нямецкіх архіваў.

Львоўскае выдавецтва «Летапіс УПА» таксама мае дакумэнты пра перамовы лета 1942‑га паміж АУН(б) і прадстаўнікамі беларускага супраціву. Спадзяемся, што бліжэйшым часам гэтыя і іншыя дакумэнты будуць надрукаваныя.

Мы пісалі: «Можна меркаваць, што пад мянушкай «Язафат» схаваўся айцец Вацлаў Аношка». Не сьцьвярджаем, а выказваем меркаваньне, бо ня маем 100% доказаў, пакуль ня знойдзены арыгінал справаздачы «Язафата». Нагадаем, у склад Рады Экзархату ўваходзілі тры сьвятары: Іван Гермацюк (паводле Гарошкі, памёр вясной 1942 г.), Вацлаў Аношка і Леў Гарошка. Жывучы на эміграцыі, а.Гарошка ніколі ня згадваў, што ўдзельнічаў у Львоўскім саборы чэрвеня 1942 г. А вось айцец В.Аношка па вайне жыў у Польшчы пад наглядам спэцслужбаў. У яго памяшканьні неаднойчы чынілі ператрусы. Успаміны пісаць ён ня мог. Дарэчы, як нам нядаўна стала вядома, выехаў а.Аношка ў Польшчу не ў 1944 г., а не пазьней за вясну 1943‑га, пры дапамозе сябра ЦК БНП Барыса Рагулі. Адзін з былых рагулёўцаў сьцьвярджае, што а.Аношка ратаваўся ад магчымага арышту (а.Гарошка жыў і працаваў у Баранавічах да лета 1944‑га).

І апошняе. Зьдзіўляе, што сп.Усошын называе а.Аношку «палітычным змоўнікам». Што кепскага, што ён браў удзел у беларускім супраціве, а экзарх А.Неманцэвіч спрыяў яго місіі? Хіба ўдзел ці спрыяньне антынацысцкай барацьбе – нешта ганебнае ці сарамлівае? Лёгіка аўтара допісу ў «НН» нам не зразумелая.

Сяргей Ёрш, Сяржук Горбік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0