У працяг тэмы, узьнятай у артыкуле Андрэя Павача «Ў пошуках нашай славы, або Гісторыя для беларусаў» («НН», №37).

Гістарычныя міты выдатна функцыянуюць, калі апарат дзяржавы падтрымлівае іх празь сетку адукацыйных установаў, сродкі масавай інфармацыі, грамадзкія арганізацыі, установы культуры. Гэта ў выпадку, калі нацыянальныя палітычныя эліты падзяляюць адныя і тыя ж каштоўнасьці, закладзеныя ў нацыянальных мітах, з астатнімі элітамі (інтэлектуальнымі) і грамадзянамі. Калі гэтая ўмова не выконваецца, то нацыянальны гістарычны міт і яго інтэрпрэтацыя становяцца прадметам ідэйнай барацьбы. Так адбываецца і ў Беларусі цяпер. Нацыянальны міт на сёньня функцыянуе ў рамках інтэлектуальнай супольнасьці, што бярэцца размаўляць з уладай ад імя нацыі з прычыны таго, што першая страціла легітымнасьць гэта рабіць праз свае злоўжываньні, неапраўданую рэпрэсіўную палітыку, ігнараваньне каштоўнасьцяў нацыянальнай ідэалёгіі. Каб аднавіць межы супольнасьці, гэтыя інтэлектуалы займаюцца самавыдавецтвам, распаўсюдам літаратуры, якая ставіць пад сумнеў афіцыйныя дактрыны, карыстаюцца любой магчымасьцю абвясьціць кожнае ўмяшаньне афіцыёзу ў ідэйную сфэру як недарэчнае і кур’ёзнае.

Рабіць гэта няцяжка, бо сёньняшні культ Вялікай айчыннай вайны, заснаваны на татальным ігнараваньні ўсяго, што ня ўпісваецца ў афіцыйны канон, – гэта свайго роду «гісторыя нацыянальнага забываньня», якая на нашых вачах урэшце лягічна дэвальвуецца да таго, што знаходзіць карані беларускай нацыі ў 90‑х гадах ХХ стагодзьдзя, беручы пад ногі ўсё, што было раней.

Трэба адзначыць, што нягледзячы на прамываньне мазгоў, беларусы цікавяцца гісторыяй сваёй краіны. Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае трывала ўвайшлі ў масавую сьвядомасьць. У даволі значным сэгмэнце беларускага грамадзтва існуе адчуваньне нелігітымнасьці таго, што робяць улады ў розных сфэрах, у т.л. і ідэалягічнай, у носьбітаў альтэрнатыўнага погляду ёсьць прастора для манэўру. Гісторыкам самая пара «перакапаць» у чарговы раз гістарычную канцэпцыю разьвіцьця беларускай нацыі.

Гэта датычыць і фармаваньня гістарычнага «канону і іканастасу» – герархіі лёсавызначальных момантаў разьвіцьці нацыі, гістарычных постацяў, што могуць служыць прыкладамі для сёньняшняга дня, поўніць гонарам нашы сэрцы.

Андрэй Павач справядліва вылучае ў якасьці такога міт змаганьня Заходняй Беларусі як вопыт усьвядомленай нацыянальна‑вызвольнай барацьбы. Туляньні беларусаў, дэпартаваных у Расею ў часе Першай сусьветнай вайны, і халодны прыём, аказаны вяртанцам польскімі ўладамі, безумоўна спрыяў іх радыкалізацыі. Але беларускі рух у Заходняй Беларусі набыў масавыя формы ня толькі дзякуючы гэтаму. Нацыянальная інтэлігенцыя займалася актыўнай стваральнай працай. Яна адчувала інтарэсы масы беларусаў і самастойна тварыла нацыянальныя структуры – не такія, што паўставалі з волі таталітарнай улады, а сапраўды самастойныя, накшталт Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Беларускія сяляне галасавалі за беларускую мову падчас школьных плебісцытаў. Яны адчувалі, што беларускасьць робіць іх паўнавартаснымі людзьмі. Гэта апраўдвалася на ўзроўні штодзённага досьведу. Вось чаму беларуская моладзь бачыла сэнс свайго жыцьця ў ахвяраваньні ім дзеля сваіх суайчыньнікаў. Нацыянальнай супольнасьці, каб адбыцца і быць трывалай, патрэбны вопыт змаганьня і ахвярнасьці. Змаганьне гэтае праяўлялася і ў сілавой, і ў культурнай сфэрах.

Славуты канфармізм, нібыта нацыянальная рыса беларусаў, ва ўмовах Заходняй Беларусі ня быў даміноўным настроем. Досьвед як хрысьціянскіх дэмакратаў зь Беларускага народнага аб’яднаньня, так і беларусаў‑камуністаў з КПЗБ, для якіх нацыянальнае не было чужым, мусіць быць пакладзены ў фундамэнт разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці сёньня.

У савецкі пэрыяд рабілася ўсё, каб альтэрнатыўны погляд на гісторыю ня стаў масавым. Асабліва гэта было небясьпечна, калі былі яшчэ жывыя людзі, якія памяталі праўду аб падзеях. Адсюль і палітыка пасьляваеннага перасяленьня ў заходнія вобласьці Беларусі насельніцтва з Расеі. Спрыяньне выезду ці высылкі мясцовай моладзі ў іншыя раёны СССР таксама мусіла паспрыяць разрыву пакаленьняў. Бальшыню старых капэзэбоўцаў, што не загінулі ў 1937–1939 гадах, ня бралі на працу ў дзяржаўныя і партыйныя структуры, баючыся іхняй неляяльнасьці (гэта давёў у сваіх працах гарадзенскі гісторык Сяргей Токць).

Аднак апраўданая гераізацыя барацьбітоў Заходняй Беларусі не павінна памяншаць ролю Ўсходняй Беларусі ў нацыянальным разьвіцьці. Зьнішчэньне беларускага сялянства калектывізацыяй, масавыя забойствы падчас рэпрэсіяў абяскровілі яе ня меней, чым савецкая мабілізацыя часу Другой сусьветнай вайны. Сувязь пакаленьняў была цалкам перарваная ва Ўсходняй Беларусі. Людзі, якія памяталі беларусізацыю, фізычна зьніклі.

Заходняя Беларусь у нашай нацыянальнай міталёгіі заслугоўвае на вянец змагаркі, Усходняя – на вянок пакутніцы.

У будучай Беларусі вуліцы будуць называць у гонар Браніслава Тарашкевіча, Адама Станкевіча і Антона Луцкевіча, а не людзей, для якіх Беларусь ня мела ніякага значэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?