Такія словы прагучалі ў дакладзе старшыні федэрацыі Леаніда Козіка, які быў прадстаўлены 30 чэрвеня на пашыраным пасяджэнні прэзідыума ФПБ у Мінску.

У пасяджэнні ўзялі ўдзел каля 230 чалавек, у ліку якіх былі прафсаюзныя актывісты і прадстаўнікі ўрада. Абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, а таксама абароны працоўных.

Паводле слоў Козіка, у маі прырост ВУП дасягнуў самага высокага за дзесяць гадоў паказчыка — 12,5%. Асноўны ўклад зрабіла «сфера вытворчасці, прамысловасць». Пры гэтым цэны на асобныя тавары ўзраслі ў 1,5–2 разу. На фоне такой эканамічнай сітуацыі «ўрад павінен неадкладна выпрацаваць план па павелічэнні даходаў насельніцтва і давядзення іх да ўзроўню другога паўгоддзя 2010 года, адпаведна росту цэн», сказаў Козік, дадаўшы, што ўсе падставы для такога кроку ёсць.

Старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка ў сваім выступленні адзначыў, што неабходна ажыццявіць шэраг мер па паляпшэнні ўмоў жыцця моладзі, якая вучыцца. У ліку праблем студэнтаў ён назваў высокія цэны на арэнду жылля, а таксама сістэматычныя расходы на канцылярскія паслугі і самае неабходнае — ежу.

Паводле слоў Бойкі, толькі 40–70% студэнтаў забяспечаны інтэрнатамі, у той час як «два карпусы студэнцкай вёскі праблему не вырашаць». Бойка выказаў меркаванне, што ўрад павінен вызваліць людзей, якія здаюць жыллё студэнтам, ад выплаты падатку на прыбытак, і цэны за арэнду зменшацца. Неабходнай мерай ён назваў вяртанне льгот на праезд у транспарце для студэнтаў.

Даклады прафсаюзных актывістаў леглі ў аснову прынятай на пасяджэнні пастановы ФПБ. Адзначалася, што гэты дакумент будзе перапісаны ў больш жорсткай форме і стане асновай звароту, які федэрацыя перадасць ураду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?