У Брэсце прайшлі першыя суды над затрыманымі вечарам 29 чэрвеня падчас правядзення маўклівай акцыі пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі».

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, 30 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна горада былі разгледжаныя адміністрацыйныя справы семярых такіх грамадзян, якія абвінавачваліся па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (удзел у правядзенні несакнцыянаванага мерапрыемства).

З іх чацвёра прызнаныя вінаватымі і пакараныя штрафамі ў памеры 4–6 базавых велічынь.

Разгляд дзвюх адміністрацыйных спраў быў адкладзены: у адным выпадку — па той прычыне, што абвінавачваны запатрабаваў адваката; у другім — у сувязі з тым, што падсудны хадайнічаў аб выкліку ў суд і допыце сведкі.

Матэрыялы яшчэ адной адміністрацыйнай справы вернутыя ў міліцыю на дапрацоўку.

«У судзе ўсе сямёра заяўлялі, што трапілі ў калону людзей выпадкова, — расказаў праваабаронца. — Як вынікала з пратаколаў, кожны з гэтых грамадзян «узяў удзел у вулічным шэсці, арганізаваным інтэрнэт-групай „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“, рухаўся пешкі, пляскаючы далонямі рук».

Паводле наяўных звестак,

сёння павінны прайсці суды над яшчэ дзесяццю затрыманымі 29 чэрвеня.

У той вечар, па ацэнках назіральнікаў, у маўклівай акцыі пратэсту ў Брэсце ўзялі ўдзел не менш чым 600 чалавек. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, было затрымана 75 чалавек, у тым ліку двое журналістаў. Прадстаўнікоў СМІ неўзабаве адпусцілі, астатніх — даставілі ў Ленінскі РАУС, адкуль праз паўгадзіны былі адпушчаныя яшчэ шасцёра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?