Фотакарэспандэнт НН прайшоў апошні дзень пілігрымкі Мінск – Будслаў, калі людзі нясуць з сабой камяні, сімвалы граху.
Вёска Даўгінава – да Будслава крыху больш за 20 кіламетраў.
Апошнія кіламетры пілігрымкі – песні і малітвы.
Так вітаюцца розныя пілігрымкі – пілігрымы з Ракава вітаюць мінчукоў.
Збіранне камянёў – сімвалу чалавечага граху.
Крыжовы шлях з камянямі.
Кожны нясе свой камень-грэх.
Пілігрымка ў гэты час ідзе вельмі павольна.
На ўскрайку лесу ўсе камяні складаюць у адно месца.
Тут жа ў лесе адпраўляецца імша.
З каменьчыкаў складзены імправізаваны алтар.
Перапынак.
Абед пілігрыма: суп, параная бульба і гарбата.
Як толькі паказаліся крыжы Будслава – пачынаецца малітва.
Апошні прыпынак – пляц Плачу. Месца падзякі бліжняму за дапамогу ў пілігрымцы.
На падыходзе да касцёла – міліцэйскія кардоны. Такое сталася пры Лукашэнку.
Апошнія крокі пешай пілігрымкі.
Вось і Будслаў.
Шлях да іконы Маці Божай – на каленях.
Для кагосьці гэтыя 5 дзён былі вельмі нялёгкімі.
Раніца, 8.00. Вёска Даўгінава (Вілейскі раён) – месца сустрэчы амаль усіх пілігрымак, што ідуць да Будслава. Апошні дзень пешых пілігрымак па традыцыі распачынаецца ранішняй імшой. Потым кароткі сняданак, хуткае збіранне рэчаў і напаўвайсковы вокліч ксяндзоў у мегафон: «Пілігрымка – ставай!». Так каталіцкія вернікі распачынаюць апошні 20-ці кіламетровы шлях да святыні Маці Божай Будслаўскай – апякункі Беларусі.
Першы прыпынак пілігрымаў пачынаецца пасля 2-гадзіннага шляху. Казанне. Затым усе ў ваколіцах вёскі Ваўкалаткі пачынаюць шукаць камяні – сімвал чалавечага граху. З імі вернікі пройдуць яшчэ некалькі кіламетраў. На наступным прыпынку з гэтых камянёў на ўскрайку леса складуць імправізаваны алтар і ўжо там святар адслужыць яшчэ адну імшу. Пасля пачынаецца самае цяжкае – 5 дзён нялёгкай пілігрымкі амаль скончаны, вернікі прайшлі больш за 120 кіламетраў, а застаецца менш за 10. Блізкасць Святыні, штодзённыя малітвы, разважанні і новыя людзі – усё зліваецца ва ўзрушаны стан чакання…
Апошні прыпынак за пару кіламетраў да Будслава. Пляц Плачу – сімвал падзякі бліжняму, што быў з табой побач увесь гэты час пешай пілігрымкі. Усё абдымаюцца і плачуць – дзякуюць адзін адному і просяць блаславення.
І вось Будслаў. Міліцэйскі кардон, песні на падыходзе да касцёла, сустрэча з пробашчам. Апошні шлях да іконы Маці Божай Будслаўскай – на каленях. Дайшлі… Божа, уратуй Беларусь…





