У Вільні завяршыліся мерапрыемствы міжурадавай міжнароднай арганізацыі «Супольнасць дэмакратый», якая аб’ядноўвае больш як 100 краін свету.

У часе канферэнцыі дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан заявіла, што беларускі рэжым павінен вызваліць палітзняволеных: «Мы ўсе разам патрабуем, каб Беларусь вызваліла палітычных вязняў і пачала дэмакратычныя рэформы. Сумна, што становішча жыхароў Беларусі так адрозніваецца ад сітуацыі ў іх суседзяў. Гэта нагадвае нам, што стварэнне свабоднай Еўропы яшчэ не завершанае».

У часе канферэнцыі беларускую апазіцыю ўзнагародзілі прэміяй імя Браніслава Герэмка (Geremek Award), былога міністра замежных спраў Польшчы, аднаго з заснавальнікаў Супольнасці дэмакратый.

Ад імя апазіцыі прэмію прыняў Уладзімер Някляеў.

Перад цырымоніяй кіраўнік дыпламатычнага ведамства Літвы Аўдронюс Ажубаліс сказаў: «Няма адназначнага адказу, як дзейнічаць найбольш эфектыўна, падтрымліваючы апазіцыю, і трымацца сувэрнітэту. Але гэта не азначае, што мы павінны перастаць спрабаваць розныя спосабы вызвалення людзей Беларусі ад дыктатуры».

У Вільні прысутнічалі таксама першы старшыня Вярхоўнага Савета незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, мама зніклага журналіста Змітра Завадскага, адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, зубровец Яўген Афнагель.

Імпрэзы і сустрэчы форуму праходзілі цягам некалькіх дзён.

Уладзімер Някляеў адзначыў: «Такія мерапрыемствы даволі бюракратычныя ў сваёй пабудове, але яны даюць магчымасць кулуарных перамоваў з тымі людзьмі, з якімі цяжкавата спаткацца проста на вуліцы. І мы гэтыя перамовы правялі — з міністрамі замежных справаў Швецыі і Нідэрландаў, і яшчэ некалькімі значнымі асобамі, якія вырашаюць сёння еўрапейскую і сусветную міжнародную палітыку. Чым яшчэ для мяне адметны гэты высокага ўзроўню форум, так гэта тым, што пытанне Беларусі тут не нейкае шараговае, у сярэдзіне спісу ці пад ягоны канец, а на самым версе». Пра гэта сведчаць і тое, што казала Хілары Клінтан гэтымі днямі адносна Беларусі, дадаў Уладзімер Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?