Рэжысёр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін 9 ліпеня стаў госцем традыцыйнай "Зорнай гадзіны" ў межах ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
У гутарцы з журналістамі ён выказаў меркаванне пра неабходнасць балансу паміж гэтак званымі касавымі спектаклямі і высокамастацкімі творамі. "Забаўляючы, захапляй — гэта не я прыдумаў. Хто сказаў, што тэатр — гэта не свята, не забава? Гэта забава. Але, у адрозненне ад літаратуры, дзе можна пісаць у стол, тэатр — гэта жывое мастацтва, мастацтва "тут і цяпер". Калі зараз і сёння ў цябе няма ў зале гледача, то можна, вядома, напісаць, што ты геній, а ўсе астатнія гэтага не разумеюць, але гледача ад гэтага не будзе", — лічыць Пінігін.
"Гэта сапраўды вельмі
складаная рэч — сумясціць цікавасць гледача і сур'ёзнасць тэатра, не апускацца да густу натоўпу, —адзначыў рэжысёр. — Калі ставіць ідыёцкую камедыю, у цябе будзе поўная зала, а калі сур'ёзны спектакль — то не. У свеце наогул тэатр наведвае 7% насельніцтва. І з 7%, можа, паўпрацэнта людзей, якія думаюць".
Адказваючы на пытанне, чым адрозніваюцца беларускія артысты ад польскіх, з якімі яму давялося раней працаваць, Пінігін заявіў:
"У савецкія часы была канчаткова разбурана этыка працы. Акцёры ў Польшчы адрозніваюцца толькі адным: яны вельмі беражліва ставяцца да сваёй прафесіі, вельмі даражаць ёю, яны па-еўрапейску дысцыплінаваныя і добра адукаваныя.І наогул я вельмі люблю польскі тэатр. Гэта сур'ёзная з'ява. У суседніх краінах Усходняй Еўропы такога тэатра няма".
Паводле меркавання Пінігіна,
добры рэжысёр не можа назваць артыстаў "суччынымі дзецьмі"."Ён любіць артыстаў, гэта толькі дурні так працуюць. Яшчэ Чэхаў казаў пра артыстаў: якія дзіўныя гэта людзі, дый ці людзі яны наогул?" — адзначыў ён.
Разважаючы пра тое, якія жанры найбольш запатрабаваны ў сучасным тэатры, Пінігін сказаў:
"Вялікая бяда, што знік рэпертуарны тэатр.Гэта была вялікая заваёва. Вы ведаеце, што Сталін пабудаваў у Савецкім Саюзе 565 дзяржаўных тэатраў? Незразумела навошта, так? Але для таго, каб існаваць у гэтых тэатрах, патрэбны вельмі складаныя тэатральныя рэформы. Гэта сур'ёзная праца, і на яе на постсавецкай прасторы пакуль ніхто не можа адважыцца, таму што гэта запатрабуе карэннай ломкі ўсёй цяперашняй тэатральнай сістэмы".
Пінігін паведаміў, што плануе паставіць спектаклі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх класікаў, паводле паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш".





