Былы калега кіраўніка Нацбанка Беларусі Пятра Пракаповіча, украінскі банкір і інвестар Сяргей Цігіпка, стане саўладальнікам Гомельскага вагонарамонтнага завода.

Некалькі гадоў былы міністр эканомікі і кіраўнік Нацбанка Украіны спрабаваў адкрыць у Беларусі банк, але адмовіўся ад гэтага праекту. Цяпер адно з прадпрыемстваў, якое ўваходзіць у яго фінансава-прамысловую групу ТАС — Крукоўскі вагонабудаўнічы завод, — стане сузаснавальнікам СП на базе завода ў Гомелі.

Згодна з указам прэзідэнта да канца года там будзе створанае ЗАТ «Гомельскі вагонарамонтны завод». З беларускага боку яго заснавальнікам стане дзяржаўны Гомельскі вагонарамонтны завод (ён унясе ў статутны фонд маёмасць на суму 40,428 млрд рублёў). КВБЗ у сваю чаргу аплаціць сваю долю грашыма ў аб’ёме 7,267 млрд рублёў. Акцыі на суму 40,428 млрд рублёў пяройдуць у кіраванне Беларускай чыгункі.

Супрацоўніцтва паміж двума прадпрыемствамі пачалося ў 2008 годзе, калі было заключанае пагадненне аб сумесным будаўніцтве 125 вагонаў на працягу 5 гадоў. Украінцы ў яго рамках пастаўлялі ў Гомель камплектавальныя для зборкі чыгуначных пасажырскіх вагонаў. Ужо тады ўладальнікі КВБЗ заявілі аб сваіх намерах удзельнічаць у прыватызацыі Гомельскага вагонарамонтнага завода.

Акрамя Цігіпка акцыянерамі КВБЗ, які з’яўляецца найбуйнейшым у СНД вытворцам пасажырскіх і грузавых вагонаў, з’яўляецца група «Прыват». Яе ўладальнікі — украінскія мільярдэры Ігар Каламойскі і Генадзь Багалюбаў.

Нагадаем, што яшчэ адзін буйны праект, звязаны з транспартным машынабудаваннем, рэалізуе ў Асіповічах расійскі бізнэсовец Міхаіл Рабіновіч. Ён з’яўляецца ўладальнікам кантрольнага пакета СЗАТ «Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод». Гэты праект фінансуецца у тым ліку і за кошт сродкаў Еўразійскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?