Суд Фрунзенскага раёна Мінска вярнуў касацыйную скаргу экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага для пераскладання.

«У судзе мяркуюць, што ў скарзе няма матывацыі таго, чаму прыгавор павінен быць перагледжаны. Я так не лічу. Звычайна ж грамадзянін без адваката проста просіць перагледзець прыгавор, і гэтага дастаткова», — паведаміў Рымашэўскі. Пры гэтым ён дадаў, што атрымаў адпаведную пастанову суда на выхадных, а тэрмін пераскладання скаргі — да 11 ліпеня.

Экс-кандыдат у прэзідэнты зазначыў, што з самага пачатку не верыў у аб’ектыўнасць суда. «У прынцыпе, сваёй мэты я дасягнуў: падаўшы касацыйную скаргу, выказаў сваё стаўленне да прыгавору і судовай сістэмы. Я працягваю лічыць прыгавор незаконным», — сказаў Рымашэўскі.

Нагадаем, 20 мая суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Жанна Жукоўская прыгаварыла Рымашэўскага да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Экс-кандыдат у прэзідэнты быў прызнаны вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?