Беларусь у 2006 годзе ўпершыню пачала пастаўляць аўтобусы і халадзільнікі ў Венгрыю, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у пасольстве Беларусі ў Будапешце.

У мінулым годзе было пастаўлена 11 аўтобусаў «МАЗ‑103» на суму прыкладна $1 млн. Сёння яны ездзяць па вуліцах венгерскага горада Дэбрэцэн. Перспектыўным у дыпламатычным прадстаўніцтве лічаць экспарт у гэту краіну аўтобусаў «МАЗ‑105065» асабліва вялікай умяшчальнасці ‑ прэзентацыя гэтай мадэлі з поспехам прайшла ў Будапешце ў снежні мінулага года.

У 2006 годзе таксама ўпершыню былі ажыццёўлены пастаўкі ў Венгрыю беларускіх халадзільнікаў. За студзень ‑ лістапад іх было экспартавана на суму больш як $300 тыс.

Значна павялічыўся экспарт у гэту краіну металапрадукцыі (вартасны аб’ём у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся на 98,4 працэнта), солі (на 56,4 працэнта), калійных угнаенняў (на 48,5 працэнта), лесаматэрыялаў і драўніны (на 43,5 працэнта). Без уліку нафтапрадуктаў аб’ём беларускага экспарту ў Венгрыю за 11 месяцаў 2006 года склаў $19 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2005 года на 42,2 працэнта.

Плануецца, што тавараабарот дзвюх краін па выніках мінулага года дасягне $195‑196 млн.

У 2007 годзе пасольства мае намер прадоўжыць работу па дыверсіфікацыі беларускага экспарту і прасоўванню высокатэхналагічнай прадукцыі на рынак Венгрыі, паведамілі ў дыпламатычным прадстаўніцтве.

Ілюстрацыя maz.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?