У суботу — беларускі фестываль у Саўт-Рывэры
Ён пройдзе каля беларускай царквы, будуць працаваць бар і рэстаран.
У суботу 23 ліпеня грамада амэрыканскіх беларусаў правядзе ў горадзе Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрзі, свой традыцыйны гадавы фэстываль.
Адбудзецца ён на засаджаным дрэвамі пляцы каля царквы сьв. Еўфрасіньні Полацкай, што ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. У праграме мастацкае часткі фэстывалю: народныя танцы, беларускія вершы, песьні, музыка. Праграму арганізавалі й правядуць яе Валянтын і Тацьцяна Дзямешчыкі, кіраўнікі царкоўнага хору, супольна з харэографам Вілай Саўчук.
А ў будынку Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру, які стаіць побач царквы, пройдзе лятарэя. Будуць таксама працаваць бар і рэстаран. Наведнікі здолеюць пачаставацца нацыянальнымі стравамі, набыць сувэніры, беларускія кніжкі, сустрэцца зь сябрамі, пазнаёміцца з новымі. Надвор’е на суботу прадбачыцца сонечна гарачае, але заля будынку мае ахаладжальную сыстэму.
Янка Запруднік
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ