Белстат агучыў вынікі папярэдняга даследавання медыяннага заробку ў Беларусі. Раней вылічваўся толькі сярэдні. У чым адрозненне? Сярэдні заробак вылічваецца надзвычай проста — агульная сума заробкаў па ўсёй краіне дзеліцца на колькасць работнікаў. За кошт надзвычай высокіх даходаў у некалькіх тысяч бізнэсоўцаў сярэдні заробак атрымліваецца завышаным у параўнанні з рэчаіснасцю.
Эканамісты назваюць медыянны падлік больш аб’ектыўным — гэта заробак сярэдняга беларуса.Ён вылічваецца іначай. Напрыклад, пяць беларусаў зарабляюць 800 тысяч, 900 тысяч, 1 мільён, 1,1 мільёна і 100 мільёнаў рублёў адпаведна. Сярэдні заробак у такой сітуацыі складае 20,76 мільёна, а медыянны — 1 мільён. Гэта заробак чалавека, які знаходзіцца ў сярэдзіне шэрагу заробкаў.
Такім чынам, 28,7% беларусаў зарабляюць 1–1,5 мільёна. Яшчэ 19,5% чалавек маюць ад 1,5 да 2 мільёнаў рублёў.
Колькасць зусім бедных (менш за 500 тысяч рублёў) параўнальна невялікая — 2,9%.
Але і «багатых» няшмат. Усяго 6,5% беларусаў атрымліваюць больш за 3 мільёны рублёў ($500 у эквіваленце). Большасць з іх займаецца фінансавай дзейнасцю, аперацыямі з нерухомасцю і будаўніцтвам.
Размеркаванне работнікаў Беларусі па памерах налічанага заробку (дыяграма Белстата)





