Беларусь ацэньвае 51% акцый сумеснага ТАА «МТС» у 960–970 млн. долараў. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 21 ліпеня старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў.

«Паводле нашай ацэнкі, пакет акцый „МТС“, 51%, каштуе 960–970 мільёнаў долараў. Прадаць мы яго хочам за 1 мільярд долараў», — сказаў ён. Кузняцоў нагадаў, што расійскім акцыянерам было прапанавана выкупіць кантрольны пакет акцый кампаніі за гэту суму, аднак яны адказалі адмоўна. Паводле слоў кіраўніка Дзяржкаммаёмасці, расіяне прапанавалі выкупіць кантрольны пакет за 400–500 млн. долараў.

Такую розніцу ў ацэнцы Кузняцоў растлумачыў тым, што Беларусь, як прадавец, заўсёды ставіць задачу ацаніць актывы па максімуме. Са свайго боку патэнцыяльныя пакупнікі праводзяць сваю ацэнку, і прапанаваная імі цана мінімальная. У працэсе перамоў традыцыйна ідзе выраўноўванне цаны, зазначыў Кузняцоў.

Паводле яго слоў, ужо падрыхтаваны і ўнесены ў Саўмін пакет дакументаў аб продажы кантрольнага пакета кампаніі «МТС» на аўкцыёне. Зараз яны праходзяць узгадненне з Камітэтам дзяржкантролю, КДБ, МУС і Вышэйшым гаспадарчым судом.

Пры гэтым Кузняцоў падкрэсліў: ёсць і іншыя інвестары, якія цікавяцца беларускім прадпрыемствам. Але іх, дапоўніў ён, насцярожвае «адно пытанне — складаны статут». Паводле слоў кіраўніка камітэта, у статуце ёсць пункт, згодна з якім інвестар, нават з`яўляючыся трымальнікам кантрольнага пакета акцый, не можа прымаць самастойнае рашэнне. У адпаведнасці са статутам любыя рашэнні павінны прымацца сумесна з іншымі акцыянерамі.

Кузняцоў зазначыў, што ў выпадку перагляду кошту пакета акцый у бок яго паніжэння Беларусь павінна будзе ў першую чаргу прапанаваць куплю пакета па новай цане расійскім акцыянерам.

***

Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мабільныя ТэлеСістэмы» зарэгістравана ў МЗС Беларусі ў красавіку 2002 года. Заснавальнікамі кампаніі з`яўляюцца: з беларускага боку — РУП «Белтэлекам», з расійскага — ААТ «Мабільныя ТэлеСістэмы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?