Другі беларускі клуб вылеціў з розыгрышу футбольнай Лігі Еўропы. «Мінск» у рамках другога кваліфікацыйнага раўнда саступіў турэцкаму «Газіянтэпспору».
Першы матч гэтых каманд у сталіцы Беларусі прынёс баявую нічыю — 1:1. Але ўсе цудоўна разумелі, што ў Турцыі падначаленымі Віталя Тараканава будзе непараўнальна цяжэй.
Так і атрымалася. Пры моцнай падтрымцы трубын і спёцы туркі рынуліся ў атаку. Гол яны забілі ў сярэдзіне першага тайма. Пасля вуглавога галавой адзначыўся Эмрэ.
«Мінск» змагаўся. Момантамі каманда выглядала вельмі сімпатычна. А на61-ай хвіліне ўвогуле адрадзілі інтрыгу. Разін, якога турэцкі каментатар называў упарта толькі Андрэй, зрабіўпас-цукерачку на Зянько. Мікалай не прамазаў.
Інтрыга пажыла дванаццаць хвілін, калі Лясько не справіўся з далёкім ударам Вагнера. Потым былі яшчэ галы Попава і Алкана. У выніку не зусім прыемныя — 4:1. Буйной паразы «Мінск» не заслугоўваў.
Цяпер у Лізе Еўропы застаўся толькі адзін беларускі прадстаўнік — «Гомель». У трэцім кваліфікацыйным раўндзе ён сустрэнецца з турэцкім «Бурсаспорам».





