Грамадзянская ініцыятыва «Вызваленне» патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення праследавання іх сваякоў. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 22 ліпеня.

Акрамя таго, «Вызваленне» патрабуе «ўсебаковага аб’ектыўнага разгляду бясчынстваў на вуліцах Мінска, учыненых „неўстаноўленымі“ асобамі ў цывільным, выкрадання мірных грамадзян і наступнага іх жа асуджэння, а таксама безумоўнага пакарання асоб, вінаватых у насіллі над грамадзянамі Беларусі».

У якасці прыкладу аўтары заявы прыводзяць факт затрымання 20 ліпеня ў цэнтры Мінска неўстаноўленымі асобамі ў цывільным Алены Ліхавід, маці палітвязня Мікіты Ліхавіда. «21 ліпеня, парушаючы ўсе прававыя нормы, яна асуджана судом Цэнтральнага раёна Мінска на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Суддзя Вайцяховіч палічыла доказы шасці здаравенных бугаёў, якія „храбра“ захапілі адну жанчыну, пераканаўчымі. Мала для нашай улады месяцамі трымаць у карцэры яе сына Мікіту Ліхавіда, трэба яшчэ задушыць волю яго родных, прадэманстраваць сілу, ізаляваць ад грамадства», — гаворыцца ў заяве.

Актывісты «Вызвалення» паведамляюць, што на працягу апошняга месяца адміністрацыйныя затрыманні і суды прайшлі ў адносінах да Марыны Лобавай, маці палітзняволенага Эдуарда Лобава, і Таццяна Севярынец, маці апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца.

Грамадзянская ініцыятыва «Вызваленне» была створана ў канцы мінулага года сваякамі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?