Беларускія ўлады могуць выбраць найбольш жорсткі варыянт разьвіцьця эканомікі, які будзе вельмі нагадваць савецкія часы. Такое меркаваньне ў інтэрвію «Белорусскому партизану» выказаў старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа.

Паводле слоў аналітыка, такі варыянт — поўнае «закручваньне гаек» — разглядаецца ў найвышэйшых эшалёнах улады ў якасьці адной з мадэляў далейшага разьвіцьця эканомікі рэспублікі ў сувязі зь пераходам ў стасунках з Расеяй на рынкавыя цэны за пастаўкі энэрганосьбітаў. Адной з характэрных рысаў гэтай мадэлі можа стаць экспрапрыяцыя ўсіх даходных галінаў. «Дзяржава падамне пад сябе ўсе сфэры эканомікі, якія могуць прыносіць высокія даходы», — лічыць экспэрт. І ў гэтай сыстэме, паводле ягоных словаў, месца для прадпрымальнікаў можа ўжо не знайсьціся.

У якасьці прыкладу такіх дзеяньняў ураду старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў прывёў рашэньне пра ўсталяваньне льготнага рэжыму па аплаце газу для шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў. «гэтыя грошы трэба будзе камусьці кампэнсаваць. Найперш, іх паспрабуюць забраць у прадпрымальнікаў», — мяркуе А. Патупа. Аднак экспэрт ня выключыў, што Лукашэнка пойдзе на правядзеньне рынкавых рэформаў і лібэралізацыю эканомікі. Але абодва варыянты прывядуць да падзеньня ўзроўню жыцьця насельніцтва.

Старшыня саюзу прадпрымальнікаў таксама выказаў надзею, што беларускім уладам хопіць разважлівасьці, каб не пагаршаць нафтавага канфлікту й сесьці за стол перамоваў з Расеяй, каб знайсьці прымальны варыянт па цэнах на расейскія энэрганосьбіты. Але ў кожным разе, пэўны экспэрт, цана на нафту будзе, сама меней, удвая вышэйшай, як у 2006 годзе. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да павышэньня сабекошту беларускай прадукцыі, зьніжэньню яе канкурэнтаздольнасьці на зьнешніх рынках і падзеньню росту ВУП. У кожным разе беларусаў чакаюць нялёгкія часіны, прагназуе экспэрт.

Дзяніс РУТКОЎСКІ, «Белорусский партизан»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0