Лабірынт Фаўна (Laberinto del Fauno).
Мэксіка — Гішпанія — ЗША, 2006, каляровы, 119 хв.
Рэжысэр: Гільерма Дэль Тора.
Ролі выконваюць: Арыядна Хіль, Івана Бакера, Серхі Лопез, Марыбэль Вэрду.
Жанр: Страшная казка, гісторыка‑партызанская драма‑прыпавесьць.
Адзнака: 9 (з 10).
Гішпанія, 1944 год. Дзесяцігадовая Афэлія разам зь цяжарнаю маці прыяжджае ў лягер айчыма — капітана Відаля. Капітан — злы й фанабэрысты чалавек, які вядзе бязьлітасную вайну зь мясцовымі партызанамі. У закінутым лябірынце летуценная Афэлія сустракае Фаўна, які паведамляе дзяўчынцы, што яна — дачка падземнага караля. І, каб вярнуцца да бацькі, ёй трэба прайсьці магічныя выпрабаваньні.
Рэальная вайна сплятаецца з кашмарамі лябірынту — і што здольнае супрацьпаставіць злу бязьвіннае дзіця?
Гільерма Дэль Тора — адзін з найлепшых сёньняшніх рэжысэраў, першы казачнік‑рэаліст новага стагодзьдзя. Нават ягоныя камэрцыйныя стужкі («Мімікрыя», «Блэйд‑2») вылучаюцца выкшталцонай культурай кадру, бездакорнымі эфэктамі й магіяй кінаэкрану.
Дэль Тора распрацоўвае новы жанр страшнага казачнага рэалізму, дзе фантазіі сплятаюцца з рэальнасьцю, гісторыя неадлучная ад містыкі, а героі (звычайна дзеці) даюць бой сацыяльнаму й мэтафізычнаму злу. Першая спроба такога жанру — алхімічна‑вампірычная прыпавесьць «Хронас», другая — шэдэўр «Хрыбет д’ябла» пра грамадзянскую вайну ў Гішпаніі вачыма хлопчыка.
«Лябірынт Фаўна» працягвае традыцыі «Хрыбта». Мэксіканец Дэль Тора пазычае й вынаходкі Карласа Саўры часоў франкісцкае дыктатуры, чые кінапрыпавесьці пра дзяцей насычаліся мэтафізычным страхам.
Але шчэ адна крыніца Дэль Тора — клясычны гішпанскі жывапіс. Ветліва‑драпежны Фаўн, сьляпая пачвара з вачыма на далонях, цёмныя лябірынты ад апэратара Гільерма Навары — як кашмары позьняга Гоі й барочная містыка.
Бязьвіннасьць мае ўладу, зло ня здольнае фантазіраваць. Але допускам у сьвет фантазій становіцца ўласная кроў — а казка становіцца настолькі страшнай, што дзецям лепей яе не глядзець.
Карціна — для ўдумлівых гледачоў. Гэта сапраўднае сьвята кінэматографу, ібэрыйскі шэдэўр, які рэзка вылучаецца сваёю адметнасьцю.
Сэансы ў Доме кіно 12 і 14 студзеня а 18.45, 13 студзеня а 17.00.





