Усеагульная адукацыя, якая засталася нам з савецкіх часоў і якую ўхваляе наша ўлада, не адпавядае патрэбам часу. Яна не дае сучасных, напраўду патрэбных ведаў, не прыстасоўвае маладзёна да сапраўдных умоваў жыцьця, ня вучыць працаваць. Нездарма моладзі, што прыходзіць на працу пасьля навучальных установаў, кажуць: «Забудзьцеся пра ўсё, чаму вас вучылі ў інстытуце (тэхнікуме/хабзе)».

Ужо цяпер на прадпрыемствах паўстае гэткая праблема, як недахоп сапраўдных спэцыялістаў. Сумленна працуюць толькі старыя кадры, што засталіся з савецкіх часоў. Моладзь, якую разьмяркоўваюць, адседжвае свае гадзіны, робячы толькі тое, што наказалі й паказалі. Самаадукацыяй ніхто ня хоча займацца. Старыя гуляюць падчас перапынкаў на абед у шахматы ці даміно, моладзь — па кутках дзяўбе кнопкі мабільных. Ды й падчас працы агінаецца, увільвае ад работы. Беручы, зрэшты, прыклад са старэйшых.

У Заходняй Беларусі з настальгіяй узгадваюць спэцыялістаў, што пачыналі працаваць яшчэ за панскай Польшчай. Як казаў адзін майстар, тым трэба было толькі паставіць задачу — ня трэба было тлумачыць, што і куды класьці ці як рэзаць. Здатныя былі на ўсялякую работу. Ня трэба было стаяць над душою ды кантраляваць, каб не лайдачылі.

Як распавёў мне галоўны мэханік аднаго з баранавіцкіх заводаў, на прадпрыемстве амаль не засталося добрых токараў ці фрэзэроўшчыкаў. Дакладныя працы выконваюць пэнсіянэры, людзі перадпэнсійных гадоў. Дарэчы, у горадзе паўстаў сапраўдны недахоп станочнікаў — добрыя кадры сыходзяць з заводаў, але на іншых яны не зьяўляюцца: ідуць на пэнсію ці зьяжджаюць у Расею (больш‑менш добрыя кадры застаюцца на невялікіх прыватных прадпрыемствах). А моладзь што — наробіць, як вароне на хвасьце панесьці.

Праз 10 — 15 год над Беларусьсю паўстане рэальная пагроза крызісу кваліфікаваных рабочых кадраў. Будзе шмат «дыплямаваных бараноў». А показкі пра дурную працавітасьць беларусаў адыдуць у нябыт.

Выратаваць становішча могуць толькі рынкавыя ўмовы гаспадараньня, беспрацоўе і прыватная ўласнасьць. Яны прывядуць да «эвалюцыйнага адбору» ды прымусяць супрацоўнікаў да шчырай працы й самаадукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?