Сёньняшні нумар адной з вядучых нямецкіх штодзённых газэтаў "Süddeutsche Zeitung" зьмяшчае эсэ Андрэя Хадановіча пад загалоўкам, які можна перакласьці як «Мы таксама яшчэ ёсьць!». «Многія органы нашага цела, асабліва маленькія, не жыцьцёва важныя, мы заўважаем толькі тады, калі яны пачынаюць балець», ‑ піша аўтар.

Канфлікт Расеі і Беларусі падобны да бойкі хуліганаў – атрымалі кухталёў і тыя, хто проста стаяў побач. «Расея і Захад заўжды паводзілі сябе ў адносінах да Беларусі, нібыта мафіёзныя кляны: яны падзялілі тэрыторыю». Пры гэтым, ніхто не спрачаўся з тым, што Беларусь была ў сфэры ўсплыву ўсходнягя «старэйшага брату». Андрэй Хадановіч іранізуе над тым, як беларускі рэжым апэлюе да маралі, каб абараніць свае карысьлівыя інтарэсы.

Разам з тым, на думку аўтара, у крызыса ёсьць і станоўчыя бакі. «Недаразьвітая беларуская самасьвядомасьць атрымае шанец – калі беларусы і расейцы разьвітаюцца з ілюзіяй, што яны адзін народ. Нарэшце разьбіваецца міт пра незвычайную любоў паміж двума братэрскімі народамі, які так доўга не даваў беларусам скромна ўзважыць свае шанцы на міжнароднай арэне». Іншы станоўчы бок – гэта тое, што заходнеэўрапейцы ўсьвядомілі: ЭЗ і Ўсходняя Эўропа – суседзі, якім наканавана жыць разам, цікавіцца адзін адным і шукаць кампрамісы.

Шукайце эсэ вось тут.

Па настойлівых просьбах чытачоў сайту друкуем беларускі варыянт эсэ.

Сола на трубе

Так бывае з органамі нашага цела — маленькімі, але жыцьцёва неабходнымі — мы іх не заўважаем, часам нават ня ведаем пра інхнае існаваньне, пакуль яны не пачынаюць нам балець. Нешта падобнае адбываецца з Заходняй Эўропай, якая раптам згадала пра існаваньне Беларусі — маленькай эўрапейскай краіны, што, аказваецца, можа прыносіць вялікія клопаты.

Вядома ж, некаторыя эўрапейцы ведалі пра Беларусь і раней: ёсьць сабе такая краіна на ўскраіне Эўропы (і трэба яшчэ спраўдзіць, што там за Эўропа!); нехта краем вуха чуў, што там дэфіцыт дэмакратыі і неабмежаваная ўлада «апошняга эўрапейскага дыктатара». Але нам, заходнім — сапраўдным! — эўрапейцам што да гэтага? Нам пэрсанальна гэтая краіна нічым не цікавая, а згаданы дыктатар нічым асабіста не перашкаджае. Дый наагул ня нашыя гэта праблемы. Вось ёсьць Расея, якая напраўду дамінуе ў гэтым рэгіёне, — хай яна з сваімі «малодшымі братамі» й саюзьнікамі і разьбіраецца.

А «ўласна расейскія» праблемы выявіліся зусім ня толькі расейскімі, а агульнаэўрапейскімі. Варта было па‑сапраўднаму выбухнуць першаму беларуска‑расейскаму канфлікту, як яго адчулі на сабе ўсе заходнія суседзі. Так бывае падчас хуліганскай бойкі ў грамадзкім месцы — абавязкова дастанецца па галаве камусьці побач. Узаемны беларуска‑расейскі газавы й нафтавы шантаж нічым іншым, як хуліганскаю бойкай, і назваць нельга, вось толькі церпяць ад гэтага — і рэальна церпяць — тыя эўрапейцы, што раней думалі, быццам Эўразьвяз — іншая плянэта, дзе няма месца ні Расеі зь яе разьдзьмутымі імпэрскімі амбіцыямі, ні непрадказальнаму таталітарнаму беларускаму рэжыму.

Да пары да часу ў расейска‑заходніх дачыненьнях што да Беларусі атрымлівалася амаль як у крымінальных фільмах пра мафію — розныя кланы падзялілі кантраляваную імі тэрыторыю, і наконт маёй краіны асаблівых спрэчак не ўзьнікала — тут гаспадарыць усходні «вялікі брат». Таму ніхто на Захадзе ўсур’ёз не замінаў Расеі праводзіць у Беларусі сваю замежную палітыку; не замінаў Ельцыну, а пасьля Пуціну падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, а часам нават прыкрываць яго сваім аўтарытэтам падчас асабліва няўдалых міжнародных авантураў. Зразумела, падтрымліваць ня проста так, а ў абмен на дэкляраваную ляяльнасьць Лукашэнкі ў дачыненьні Масквы.

З уласнага досьведу я ведаю: калі хто‑небудзь прапануе мне супрацоўніцтва, прычым злоўжывае высокай рыторыкай, апэлюючы да чагосьці вельмі духоўнага, — гэта выразны сыгнал, што мяне падмануць, зробяць усё, каб не заплаціць за зробленае і абысьціся словамі маральнай падзякі. Таму, чуючы такія ўзьнёслыя словы, я кажу сабе: «асьцярожна, махляр!» Прыкладна такой стратэгіі трымаўся Лукашэнка ў дачыненьнях з Расеяй. Вы нам — неймаверна танныя нафту й газ, мы вам — вернае сяброўства й курс на аб’яднаньне нашых дзяржаваў. З боку беларускай улады прамаўлялася рэкордная колькасьць патасных словаў што да беларуска‑расейскай дружбы й славянскага (чытай: усходнеславянскага) адзінства. Беларускія інтэлектуалы білі трывогу: маўляў, Лукашэнка гандлюе незалежнасьцю сваёй краіны. Але дзе вы бачылі дыктатара, які б добраахвотна дзяліўся з кім‑небудзь сваёй неабмежаванай уладай?

У 2006 годзе, дэманстратыўна не падымаючы кошты на энэрганосьбіты, Расія зрабіла ўсё дзеля падтрымкі фінансавай стабільнасьці ў Беларусі — толькі каб Лукашэнка зноў захаваў уладу. Тады як з боку Беларусі інтэграцыйныя абяцаньні заставаліся толькі абяцаньнямі й не ўвасобіліся ў эканамічную канкрэтыку. Таму раней ці пазьней Масква проста мусіла выставіць рахунак — павышэньне для Беларусі раней сьмехатворных коштаў на расейскія энэрганосьбіты. Такім чынам калі не адбыўся замах на незалежнасьць Беларусі, то прынамсі ўсур’ёз пахіснуўся такі фэномэн, як «беларускі эканамічны цуд»: за кошт чаго рэжыму й далей ствараць ілюзію эканамічнай стабільнасьці ў краіне, плацячы пэнсіянэрам падазрона высокія пэнсіі?

І дзіцячаму абурэньню Лукашэнкі не было межаў. І што цікава, аргумэнты прыводзіліся не эканамічныя, а маральна‑рытарычныя: «мы ж з расейцамі браты, мы ж за іх стаім гарою, мы ж заўсёды першымі прымалі на сябе ўдары заходніх ворагаў, што ваявалі з Расеяй, а яны, расейцы, нам падступна здрадзілі». Але эмацыйна афарбаваныя аргумэнты больш не спрацоўвалі, «Газпром» не жадаў зьніжаць газавыя кошты, і Беларусь з Расеяй хутка ад узаемных абвінавачаньняў перайшлі да ўзаемных пагрозаў і шантажу, а ад словаў перайшлі да справы, што хутка адчулі на сябе й нашы заходнія суседзі.

У крызісе, які перастаў быць толькі беларуска‑расейскім, нельга не пабачыць і двух пазытыўных момантаў. Першы датычыць беларусаў — ахвяраў расейскіх і пралукашэнкаўскіх мэдыяў. Нарэшце недаразьвітая беларуская ідэнтычнасьць мае шанец канчаткова сфармавацца. Нарэшце беларусы (і расейцы таксама) перастануць лічыць, што яны — фактычна адзін і той самы народ. (Раней такое здаралася хіба толькі падчас хакейных ды тэнісных матчаў Беларусь‑Расея, калі беларускія заўзятары раптам адчувалі сваю беларускасьць). Нарэшце разбураны міт аб нейкай надзвычайнай любові й сымпатыі паміж двума братэрскімі народамі, што раней замінаў беларусам цьвяроза ацэньваць іншыя магчымасьці ў міжнародных кантактах.

Другі момант датычыць хутчэй заходніх эўрапейцаў, якія нарэшце згадалі: Эўразьвяз і Ўсходняя Эўропа — па‑ранейшаму суседзі, якім нікуды не падзецца адно ад аднаго, якім наканавана жыць разам — супрацоўнічаючы, цікавячыся адно адным, дапамагаючы адно аднаму, шукаючы ўзаемных кампрамісаў. Перафразоўваючы паэта й казаньніка Джона Дона, ніводная краіна не існуе самотна, як Востраў, сама па сабе; кожная краіна — часьцінка Мацерыка, частка сушы; калі Мора змывае хоць бы адзіны Ўцёс, меншае Эўропа… І калі нехта грае на трубе з газам ці нафтаю, гэтую музыку чуе — ня можа ня чуць — увесь кантынэнт. А таму не пытайся, каму перакрылі нафту, — нафту перакрылі табе!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0