Галоўны трэнер зборнай Беларусі Бернд Штанге напярэдадні адборачнага матчу чэмпіянату Еўропы супраць Босніі і Герцагавіны адзначыў, які шанец ёсць у даручанай яму каманды прабіцца ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы, прызнаўся, што шакаваны траўмай Віталя Радзівонава і панаракаў, што ў Мінску не адчуваецца атмасфера свята перад гульнёй.
«У пятніцу 2 верасня надыходзіць той момант, калі ўсе павінны паказаць чаго дасягнулі і чаго можам дасягнуць. У гэты момант кожны футбаліст стаіць перад парогам: даб'юся я чагосьці большага ў сваёй кар'еры ці не.
У нас ёсць вялікі шанец пасля двух гульняў з Босніяй і гульнёй у Румыніі выйсці ў плей-оф чэмпіянату Еўропы. І мы павінны супрацьпаставіць сілу каманды індывідуаліста з Босніі. Такім, як Джэка і П'яніч.
Траўмы Радзівонава і Юрэвіча былі для нас шокам. Мы павінны іх кімсьці замяніць. Для гэтай мэты прыедуць Карніленка і Бардачоў.
Матч з Босніяй адзін з найважнейшых у гісторыі зборнай, але ў горадзе, у метро, у аўтобусах няма ніякіх плакатаў, расцяжак, афішаў. Не адчуваецца атмасфера будучага матчу.Мы дабіліся добрых вынікаў, перамаглі французаў, а на наступны матч у Мінску быў паўпусты стадыён [з Люксембургам]. І гаворка не пра вынікі зборнай, а пра нешта іншае. Трэба вучыцца прадаваць футбол як прадукт. Гэта пытанне маркетынгу», - сказаў Штанге.
***
Матч Беларусь -- Боснія пройдзе 2 верасня на мінскім стадыёне "Дынама". пачатак у 20:30. Цана білетаў ад 5 тыс. да 60 тыс.
0
0
0
0
0
0