Балтыйскія і Паўночныя краіны прытрымліваюцца думкі, што публічныя прапановы прэзідэнта Беларусі Аляксандр Лукашэнка сесці за стол перамоваў павінны быць разгледжаны толькі пасля таго, як яго рэжым адпусціць на волю ўсіх палітычных зняволеных, у аўторак заявіў літоўскі міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс пасля сустрэчы міністраў у Хельсінкі.

«На нашу думку, за стол ніхто не сядзе, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя», — па тэлефоне з Хельсінкі сказаў міністр.

Ажубаліс адзначыў, што адзіную пазіцыю васьмі краін афіцыйна выказаў міністр замежных спраў Фінляндыі, які выступіў з заявай, якая заклікае беларускае кіраўніцтва неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Аляксандр Лукашэнка выступіў з прапановай да палітычных апанентаў, прадстаўнікоў ЕС і Расіі за «круглым сталом» абмеркаваць сітуацыю ў краіне.

«Я як кіраўнік дзяржавы прапаную ўсім разумным людзям, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагеру яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне», — сказаў ён на нарадзе педагагічнага актыву Беларусі.

Паводле яго слоў, «наша сіла ў адзінстве, і будучыню краіны трэба вырашаць не на плошчах і барыкадах, а шляхам дыялогу, нармальнай чалавечай гутаркі».

У згаданай сустрэчы ў Хельсінкі, акрамя літоўскага і фінскага міністраў, таксама ўзялі ўдзел міністры замежных спраў Швецыі, Латвіі, Ісландыі і Эстоніі, а таксама службовыя асобы Даніі і Нарвегіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?