Месяц таму «Наша Ніва» пісала пра рамонт у санаторыі «Нарач»», што належыць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Вярнуўшыся з адпачынку, герой матэрыяла патлумачыў карэспандэнту «НН», навошта ўвязаўся ў канфлікт з адміністрацыяй санаторыя.

 Журналіст Руслан Ешчанка гатовы судзіцца за сапсаваны адпачынак. Фота Сяргея Гудзіліна.

Журналіст Руслан Ешчанка гатовы судзіцца за сапсаваны адпачынак. Фота Сяргея Гудзіліна.

 Адказ адміністрацыі «Нарачы» журналіст лічыць адпіскай. Фота Сяргея Гудзіліна.

Адказ адміністрацыі «Нарачы» журналіст лічыць адпіскай. Фота Сяргея Гудзіліна.

Нашым героем апынуўся мінскі журналіст Руслан Ешчанка, вядомы многім слухачам па працы на радыёстанцыях «Мір» і «Юністар». Ён не першы раз адпачывае на Нарачы. «Я працую з гукам, таму мне неабходна адпачываць у цішыні», — кажа ён. Але замест спеваў птушак яму давялося слухаць візгат бензарэзаў і гул цяжкай будаўнічай тэхнікі. Журналіст расказвае, што неаднойчы патрабаваў ад адміністрацыі спыніць шумныя працы пад вокнамі санаторыя і стварыць належныя ўмовы для адпачынку. І ўсё безвынікова, пакуль не ўмяшалася прэса.

Пасля публікацыі ў «НН» і сюжэта на «Белсаце» плітку побач з санаторыем перасталі пілаваць. Але перамога была часовай і частковай: будаўнічая тэхніка нікуды не дзелася. Руслан пайшоў да дырэктара, але той, па яго словах, прапанаваў месца на турбазе.

«У мяне склалася ўражанне, што гэта не мне перашкаджаюць адпачываць, а я ім ствараю нязручнасці. Дырэктар нават паскардзіўся на тое, як яму складана цяпер знайсці будматэрыялы».

Не вытрымаўшы, Руслан у пісьмовай форме запатрабаваў ад адміністрацыі тлумачэнняў. Адказ прыйшоў напрыканцы жніўня. У ім гаворыцца, што працы ў санаторыі ідуць згодна Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гг. І вядуцца яны на вуліцы, у 100 м ад жылога корпуса. Што адміністрацыя неаднаразова прапаноўвала свайму кліенту разгледзець пытанне перасялення для адпачынку ў катэдж больш высокага разраду без даплаты, але ён адмовіўся. Руслан кажа, што насамрэч дырэктар Вадзім Пракудзін зрабіў такую прапанову толькі аднойчы. У адказе гаворыцца таксама, што Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэгулярна ладзіць кантроль за рамонтнымі працамі. Асобна падкрэсліваецца, што адміністрацыя прыкладае ўсе намаганні для поўнага задавальнення просьбаў і патрабаванняў кліентаў.

Руслана адказ дырэктара «Нарачы» абурыў. «Гэта адпіска. Ад мяне як ад надакучлівай мухі адмахваліся ў санаторыі. І зараз, у гэтым лісце, адмахваюцца ізноў». Ён настроены рашуча — аж да суда, калі спатрэбіцца. «Я хачу атрымаць кампенсацыю за сапсаваны адпачынак. Мяне ніхто не папярэдзіў пра рамонт», — кажа журналіст. Ён хоча ўласным прыкладам давесці, што сітуацыю трэба мяняць, і пачынаць трэба з сябе.

«Пакуль мы маўчым, заслугоўваем грэблівага стаўлення да сябе. Падобныя рэчы адбываюцца паўсюль, дзе начальнікі — ад самага маленькага, да самага галоўнага — лічаць сябе вышэй за “простага” чалавека. Мы перасталі бараніць свае чалавечыя правы, а часта пра іх нават не ведаем».
Журналіст прыгадвае, як колькі гадоў таму раіў у вельмі падобную сітуацыю ў іншым беларускім санаторыі. Тады ён сцярпеў, хоць адпачынак таксама быў безнадзейна сапсаваны. Цяпер ён упэўнены, што дарма змаўчаў.

«Мяне загадзя папярэдзілі пра рамонт»

Бард Таццяна Беланогая ў жніўні таксама адпачывала на Нарачы. У санаторый «Прыазёрны» яна прыехала ў другой палове месяца. Яна кажа, што яе загадзя папярэдзілі пра тое, што ў санаторыі адбываецца рамонт. Акрамя таго, ужо на месцы яна пабачыла на тэрыторыі «Прыазёрнага» абвесткі, у якіх адміністрацыя прыносіла прабачэнні гасцям за вымушаныя нязручнасці з-за рамонту.

Можна дапусціць, што зроблена гэта было пасля падзеяў у «Нарачы». Прынамсі, Руслан Ешчанка сцвярджае, што перад ад’ездам у Мінск наведваўся ў «Прыазёрны». Рамонт там бачыў, а вось цыдулак з прабачэннямі не заўважыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?