Ужо былы палітвязень расказаў аб прапанове эміграваць, пра сукамернікаў і паэзію за кратамі.

Плошча Незалежнасці — першае месца, якое наведаў Кіркевіч у Мінску.

Плошча Незалежнасці — першае месца, якое наведаў Кіркевіч у Мінску.

«НН»: Алесь, што вы напісалі ў прашэнні аб памілаванні?

АК: Мне далі гатовы тэкст. У ім — прызнаю віну і просьба аб памілаванні прэзідэнту. Калі б нават была свабодная форма... для мяне гэта толькі кавалак паперы, які дастаўся цаной свабоды.

«НН»: Не шкадуеце, што першы раз адмовіліся пісаць прашэнне, і не выйшлі 11 жніўня?

АК: Не шкадую.

Мне пасля першага прашэння прапаноўвалі з’ехаць за мяжу нават…

Прынцыповай розніцы ў тым, каб выйсці цяпер альбо на паўмесяца раней няма.

«НН»: А хто прапаноўваў з’ехаць за мяжу?

АК: КДБ. Гэта была прапанова напісаць прашэнне аб палітычным прытулку ў адну з краін. Але пасля прапанову адклікалі. Гэта было дзесьці пасля 11 жніўня.

«НН»: Як да вас ставіліся сукамернікі ў калоніі?

АК: У асноўным пазітыўна. Знаходзіліся людзі, гатовыя заўжды дапамагчы мне. Большасць вязняў настроена апазіцыйна да ўладаў. Шмат людзей там выпісвае незалежную прэсу. «Ружовыя акуляры» ад БТ на іх ніхто не насуне ўжо.

«НН»: Вы пастаянна з-за кратаў дасылалі ў Рэдакцыю вершы. Як удавалася ў такім непаэтычным месцы думаць пра літаратуру?

АК: Ёсць выраз: калі табе нехта скажа, што ён — філосаф, спытай яго, дзе ён сядзеў; калі нехта скажа, што ён — паэт, спытай, дзе ён ваяваў. Паэзія прыходзіць у нейкім памежным стане, які бывае за кратамі. У няволі шмат момантаў, калі перажываеш…

Момантаў, каб прыйшла муза, у калоніі шмат. Я б сказаў, што гэта надта паэтычнае месца.

«НН»: Уначы вы прыехалі ў Мінск, дзе наведалі пл. Незалежнасці. Якія пачуцці захлынулі?

АК: Цяжка сказаць. Адчуванне пустэчы з аднаго боку, а з другога — успаміны пра горад, якога даўно не бачыў, настальгія… Балюча было: успаміны ўдарылі ў душу.

«НН»: Пасля вяселля ў вас не было мядовага месяца. Не думалі яшчэ пра нейкае шлюбнае падарожжа?

АК: Шлюбнае пажарожжа ў нейкай ступені будзе. Я маю доўг перад жонкай і маці. І хачу цяпер ім прысвяціць пэўны час.

Алесь Кіркевіч: з турмы на волю

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?