На пачатку 30‑х гадоў мінулага стагодзьдзя вядомы савецкі палкаводзец Г.Жукаў камандаваў на працягу чатырох гадоў у Слуцку кавалерыйскай дывізіяй. Болей ніколі ён сюды не наведваўся. І ўсё ж памяць аб ягоным жыцьці тут былі ўвекавечылі бронзавай дошкай на двухпавярховым доме, дзе ён жыў зь сям’ёй. Пасьля распаду СССР на вуліцы Жукава быў пастаўлены на высокім пастамэнце бронзавы бюст, які, на жаль, мала нагадваў аблічча вайскаводца. Мажліва, з гэтай прычыны ўлады рашыліся на ўзьвядзеньне пры вуліцы 14‑ці Слуцкіх партызанаў, што вядзе да старых гарадзкіх могілак, другога бронзавага бюста Жукава. Вырабілі яго на Менскім заводзе мастацкага ліцьця, і абышоўся ён раённаму бюджэту на суму каля 60 млн руб. Маршал у новым абліччы паўстае ў фрэнчы з пагонамі і чатырма зоркамі Героя Савецкага Саюзу, у фуражцы.

Ці не занадта забранзавеў тут чалавек, па недаглядзе каторага немцы здолелі ўжо на пяты дзень вайны заняць Слуцак зь ягонымі чатырнаццацьцю вайсковымі гарадкамі, поўнымі ўсялякага вайсковага рыштунку складамі, на шосты — Менск і Бабруйск, а на дваццаць другі дзень усутыч падысьці да Смаленску, ад якога да Масквы было ўсяго 350 км! Можа, лепей было б на тыя 60 млн руб. у лясным масіве ля пасёлку Кучына, абапал шашы‑»варшаўкі», што пралягае на Бабруйск, узьвесьці помнік ці хоць паставіць памятныя крыжы сотням ахвяраў сталінскага тэрору ў 1934 — 1938 г. Людзей ноччу прывозілі сюды на расстрэл у «чорных варанках». У 1989 г. чальцамі створанай тагачасным гаркамам партыі спэцыяльнай камісіі з удзелам спэцслужбаў былі апытаны дзясяткі жыхароў разьмешчаных паблізу ляснога масіву вёсак Каліта, Стары Гуткоў, Амговічы, якія засьведчылі факты масавых расстрэлаў людзей, у тым ліку і военачальнікаў, іх прывозілі сюды са Слуцкай акруговай турмы. На жаль, пасьля распаду СССР, а пазьней з прыходам да ўлады ў Беларусі Лукашэнкі ніхто і пальцам не варухнуў, каб паставіць у тым лесе помнік ахвярам генацыду. Толькі пэнсіянэр‑масквіч, ураджэнец недалёкае вёсачкі Падлошыца, нехта Ралько, за свае зьберажэньні ўзьвёў узбоч шашы сьціплы бэтонны помнік з напамінкам аб трагедыі 30‑х — 40‑х гадоў. І ўсё! Рэдка калі прыпыніцца побач які легкавік і выйдзе кіроўца, каб пацікавіцца, каму той помнік узьведзены, і паедзе далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?