Расейская мова пакуль яшчэ чацьвёртая мова сьвету паводле сваёй ужывальнасьці, аднак яна хутка губляе пазыцыі, як вызначылі расейскія экспэрты. Пры сучасным тэмпе зьменаў у 2025 г. па‑расейску будзе размаўляць гэтулькі людзей, як на пачатку 20‑га стагодзьдзя, і ў два разы меней у параўнаньні з пачаткам 90‑х г. ХХ ст., незадоўга да распаду Савецкага саюза.

Расейская мова зьяўляецца цяпер роднай мовай прыблізна для 164 млн. людзей. Зь іх 130 млн. – гэта расейскія грамадзяне, 26,4 млн. – жыхары краінаў былога Савецкага саюзу і каля 7,5 млн. – расейцы, якія пастаянна жывуць на Захадзе. У якасьці «другой мовы» расейскай карыстаюцца 114 млн. людзей.

Больш ужывальнымі на сёньняшні дзень зьяўляюца толькі ангельская, кітайская і гішпанская мовы. Экспэрты з Цэнтру дэмаграфіі і экалёгіі чалавека Расейскай акадэмі навук падлічылі, што ўжо праз дзесяць гадоў расейскую мову апярэдзіць і французская, і хіндзі з арабскай. А праз наступныя 15 гадоў партугальская з бэнгальскай, а расейская мова, адна з шасьці афіцыйных моваў ААН, зьнікне з першай дзясяткі найбольш ужывальных моваў сьвету.

«Расейская мова пачала страчваць пазыцыі пасьля падзеньня імпэрыі. Некаторыя цэнтры змаглі пакінуць пасьля сябе сьлед у выглядзе мовы, у расейцаў гэта ў часы СССР увогуле не атрымалася,распавёў расейскай вэрсіі часопісу «Newsweek» гісторык Ільля Ільлін. Напрыклад, ува ўсходняй Эўропе расейская мова вывучалася як асноўная замежная мова, аднак тыя, хто там жыў, яе не ўжывалі. Не існавала і значнага культурнага абмену, установы пільнавалі рух асобаў. «І што мы з гэтага маем? Паспрабуйце ў Польшчы альбо Чэхіі загаварыць па‑расейску і тут жа сустрэнеце пагардлівы позірк,» заўважыў Ільлін.

Аднак веданьне расейскай мовы скарачаецца і ў рэспубліках былога СССР. Перад распадам Савецкага саюза з расейцамі на гэтай мове размаўлялі 139 млн. казахаў, армянаў, грузінаў і іншых нацыянальнасьцяў. Цяпер па‑расейску размаўляюць ўсяго толькі каля 63 млн. зь іх і яшчэ 40 млн. валодаюць толькі асновамі мовы. Напрыклад, у прыбалтыйскіх краінах колькасьць моўных школаў з расейскай мовай зьнізілася з 20 тыс. у 1989 г. да 7,5 тыс. у 2004 г. Расейская меншасьць у Прыбалтыцы найбольш часта скардзіцца на дыскрымінацыю з боку ўстановаў.

Як дзяржаўная мова расейская мова акрамя самотнай Расеі захавалася толькі ў Беларусі, дзе прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выступае пераважна па‑расейску. Іншыя краіны, як Казахстан, Кіргізія, Узбэкістан, Малдова, Туркмэнія ці Таджыкістан, адвялі расейскай мове пазыцыю афіцыйнай мовы альбо мовы міжнародных стасункаў. Часта гэта робіцца перадусім з палітычных прычынаў.

На цэлай постсавецкай прасторы па‑расейску ўжо не разумее ані слова каля чвэрці людзей – пераважна моладзь, якая ўжо ня памятае савецкія часы. І гэтая лічба паводле расейскіх акадэмікаў будзе расьці далей.

Аднак расейская мова зьнікае і ў самой Расейскай Фэдэрацыі, дзе існуе яшчэ 28 дзяржаўных моваў. Паводле дадзеных з 2002 г., па‑расейску ўвогуле не размаўляла каля 2,6 млн. расейскіх грамадзянаў, асноўным чынам з Паўночнага Каўказа. Краіна змагаецца з дэмаграфічнымі стратамі, асноўным чынам у расейскамоўных абласьцях. У Расеі такім чынам празь некалькі год могуць зьявіцца цэлыя рэгіёны, дзе па‑расейску размаўляць увогуле ня будуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?