Заслужаны артыст Беларусі выдаў своеасаблівы the Best, далучыўшы яшчэ колькі новых песень. Для некаторых будзе навіною, што Навуменка яшчэ дзеяздольны, працягвае пісаць, выступаць і ўсьміхацца.

Ці бачылі вы калі Навуменку без усьмешкі? Яна рэдка сыходзіла з вуснаў артыста гэтыя тры дзясяткі гадоў. На «Кружевах...» ён ня толькі радуецца сам (на вокладцы Навуменка нам усьміхаецца сем разоў), але і заклікае пацешыцца іншых. І няважна, у які мы час жывем, — у пэрыяд застою, дэфіцыту, масавых пратэстаў ці чаго яшчэ якога — «Час мінае, боль сьціхае ў душы», — пяе Якаў Навуменка (песьня «Ўсьміхніся»).

Выбар паэзіі — выдатны. Вершы Багдановіча, Барадуліна, Дранька‑Майсюка, Русака ды іншых. А вось аранжыроўкі — маральна састарэлыя, нібы пакрытая пылам старая друкарка. Ужо даўно «Word» уладарыць, а ў Навуменкі гучаць клявішы‑назолы, якія выконваюць ролі ўсіх музычных інструмэнтаў. Сталых прыхільнікаў выканаўца, можа, і захаваў, а вось новых такімі мэтадамі не прывабіш. Зрэшты, а хто сказаў, што яму гэта трэба. Сп.Якаў — самадастатковы артыст, які з задавальненьнем займаецца сваёй справай.

Варта паслухаць «Ты мне вясною прысьнілася» ў яго выкананьні, каб гэта зразумець. Напраўду, гэта музыка будзе вечная. Запісы Навуменкі прыдадуцца падчас вялікага застольля, калі між старэйшай і маладзейшай часткамі ўдзельнікаў трэба знайсьці кампраміс у музычным аздабленьні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?