Пятнічная прэс-канфэрэнцыя так і не дала адназначнага адказу на пытаньне, зь якой мэтай у нашу краіну прыяжджаў кіраўнік ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн. У адрозьненьне ад лістападаўскага візыту кіраўніка прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Іена Боўга, які прывёз беларускім уладам канкрэтныя прапановы, пры выкананьні якіх афіцыйны Менск можа займець розныя эканамічныя выгоды, візыт ван дэр Ліндэна ў многім застаецца загадкай.

Збольшага галяндзец у пятніцу гаварыў агульнымі словамі пра тое, што для ПАРЭ прыярытэтным зьяўляецца пытаньне правоў чалавека ва ўсім сьвеце, ён расказваў, як ПАРЭ і ён асабіста спрычыніліся да дэмакратызацыі ў розных кутках плянэты. Таксама гаварыў пра тое, чаму так важна падтрымліваць правы чалавека, мець моцную апазыцыі для нармальнага разьвіцьця кожнай краіны.

Палітык дзякаваў беларускім уладам за тое, што яны выканалі ўсе свае абавязкі па прыёме эўрачыноўніка ў Менску. Адзіным нявыкананым пунктам засталася ягоная сустэча з Аляксандрам Казуліным, але ван дэр Ліндэн не атрымаў на яе дазволу. Замест гэтага ён сустрэўся з жонкай Казуліна Ірынай, а таксама папрасіў сьпікера палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва, каб ён паспрыяў сустрэчы пасла Нямеччыны ў Беларусі Марціна Гекера з Аляксандрам Казуліным, на што атрымаў згоду.

Ван дэр Ліндэн застаўся задаволеным вынікам візыту, падчас якога ён меў сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, апазыцыі, а таксама са студэнтамі. Галяндзец адзначыў, што ўбачыў на прыкладзе моладзі жаданьне інтэграцыі Беларусі з Эўропай.

Сярод іншага эўракамісар прызнаў, што прычынай ягонага візыту ў Менск зьяўляецца пагаршэньне беларуска-расейскіх адносінаў. “Мы ўбачылі, што Беларусь, як ніколі, готовая да дыялёгу з Эўропай. Калі ў эўрапейскіх структурах даведаліся пра мой візыт у Менск, то на мой бок было шмат рэзкіх словаў і крытыкі, але я не шкадую, што прыехаў сюды. Я заклікаю беларускія ўлады да дыялёгу”, -- сказаў ван дэр Ліндэн.

Эўропа чакае пазытыўных крокаў у пытаньні правоў чалавека, а найперш вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. Пры гэтым ван дэр Ліндэн адзначыў, што ня ведае ўвогуле, ці ёсьць яны ў Беларусі: “Гэтае пытаньне павінна вырашыць адмысловая група”, -- кажа ван дэр Ліндэн.

Таксама старшыня ПАРЭ сказаў, што не чакаў многага ад свайго першага візыту ў Менск: “Галоўнае цяпер – намацаць дыялёг, па якім пойдзе нашае далейшае супрацоўніцтва. Ня выключана, што ў рамках сваіх наступных візытаў я буду мець сустрэчу з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам”. Такім чынам ван дэр Лінэн прызнае, што гэта ягоны не апошні віізыт у Менск.

Ван дэр Ліндэн ня даў адназначнага і зразумелага адказу на пытаньні датычна таго, ці абмяркоўваў ён зь беларускімі афіцыйнымі прадстаўнікамі пытаньні зьніклых палітыкаў і ўціску незалежнай прэсы. “Я разумею, што нельга зьмяніць грамадзтва за адну ноч, немагчыма за раз далучыць Беларусь да заходніх каштоўнасьцяў. Важна, наколькі хутка пойдуць працэсы зьменаў у беларускім грамадзтве... Я захапляюся мужнасьцю беларускіх журналістаў і праваабаронцаў, але праблемы са свабодай СМІ ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Азэрбайджане...

Рабіце сваю справу так, як вы робіце цяпер, і далей і гэта будзе ваш найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі”, -- заклікаў беларускіх журналістаў ван дэр Ліндэн.

“Я не належу да тых палітыкаў, якія кажуць, што ня будуць весьці дыялёг да той пары, пакуль ня будуць агулам выкананыя ўсе патрабаваньні, я прыхільнік пакрокавай стратэгіі разьвіцьця адносінаў”, -- кажа эўрачыноўнік. Разам з тым ван дэр Ліндэн ня даў зразумець журналістам, якія канкрэтныя плюсы будзе мець Беларусь ад уступленьня ў ПАРЭ. Не было агучана болей ніводнага патрабаваньня ПАРЭ, апроч вызваленьня палітвязьняў. Складваецца ўражаньне, што альбо ван дэр Ліндэн не да канца разумее беларускаю сытуацыю, альбо мы бачым толькі вяршыню айсбэрга.

Зрэшты, пэўны сэнс у візыце старшыні ПАРЭ бачыцца, калі ўлічыць, што далучэньне да Рады Эўропы эканамічна не дае ўраду Лукашэнкі нічога, а палітычна -- азначае новыя абавязкі і дадатковыя кантакты з Эўропай. І “хто ад гэтага выйграе?” – як пыталіся ў галяндца журналісты БТ.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?